Самай старажытнай пабудове горада, фарнаму касцёлу, 410 гадоў і сёння яго выкарыстоўваюць як склад.
За больш чым 700-гадовую гісторыю ў Магілёве захавалася не шмат выдатных архітэктурных помнікаў, бо большасць з іх знеслі ў пасляваенныя часы. Такі лёс напаткаў, напрыклад, Багаяўленскую царкву — першую каменную царкву горада, Ратушу. З культавых пабудоў захаваліся Свята-Мікольскі манастыр, касцёл Святога Станіслава. У гістарычным цэнтры – пешаходная вуліца Ленінская. У горадзе захавалася шмат жылых дамоў і грамадзянскіх пабудоў канца XVIII-XIX стагоддзяў.
— У кожнага з 10 будынкаў топа ёсць свая гісторыя-цікавостка. Напрыклад, у адным сустракаліся кіраўнікі дзяўржаў і вырашалі лёс некалі магутнай Рэчы Паспалітай, у другім знаходзіцца знойдзены падчас кананізацыі партрэт імператара Мікалая ІІ і цяпер гэтую знаходку лічаць абразом, — распавядае gorad.by экскурсавод Алег Дзьячкоў.
1. Былы фарны касцёл святога Казіміра
Калі пабудавалі: канец XVI — пачатак XVII стагоддзяў.
Гісторыя з’яўлення: пабудаваны па загаду караля Сігізмунда III, які быў уладальнікам гарадской зямлі ў Магілёве.
Адпачатку касцёл не вызначаўся архітэктурнай мудрагелістасцю: мураваны прамавугольны храм з бакавымі прыбудовамі, дзвюхвежавы фасад і пяцігранная алтарная апсіда. З-за прастаты магілёўцы яго называлі «мужыцкім», а касцёл святога Станіслава -«панскім».
Цікавостка: гэта самы старадаўні каменны будынак на тэрыторыі Магілёва.
Што зараз: склад Белтэлекама.
Адрас: вуліца Болдзіна, 3 (у двары крамы «Белсаюздрук»).
2. Комплекс Свята-Мікольскага манастыра
Калі пабудавалі: другая палова XVII стагоддзя.
Гісторыя з’яўлення: у красавіку 1636 года мітрапаліт кіеўскі Пётр Магіла атрымаў у караля Уладыслава IV дазвол на пабудову ў Магілеве мураванай Свята-Мікольскай царквы і манастыра. Але тады не хапіла грошай, таму будаўніцтва царквы распачалі ў 1669 і скончылі ў 1672 годзе.
З вышыні птушынага палёту храм выглядае, як выцягнуты лацінскі крыж. Да нашых часоў захаваліся званіца і келлі манахаў XVII стагоддзя,таксама Мікольская царква і Ануфрыеўскі храм XVIII стагоддзя.
Комплекс Свята-Мікольскага манастыра — адзіны прыклад магілёўскай школы дойліцтва, які захаваўся да нашых часоў.
Цікавостка: Улетку 2000 года, падчас кананізацыі Мікалая II Рускай Праваслаўнай Царквой у Магілёве быў знойдзены партрэт імператара, які цяпер асвечаны як ікона і размешчаны ў левай прыбудоўцы Свята-Мікольскага сабора. Да іконы прымайстравана пяцірублёвая манета, якую Мікалай II падарыў хлопчыку Сямёну Халімаву падчас наведвання храма.
Што зараз: жаночы манастыр і праваслаўная царква.
Адрас: Другая вуліца Волі.
3. Былы дом купца Анташкевіча
Калі пабудавалі: 1698 год
Гісторыя з’яўлення: будынак пабудаваў для сябе адзін з багацейшых людзей Магілёва купец Анташкевіч.
Цікавостка: У 1780 годзе ў гэтым доме расійская імператрыца Екацярынай ІІ сустракалася з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ. На гэтай сустрэчы яны вызначалі лёс Рэчы Паспалітай. Падчас сустрэчы кіраўнікі дзяржаў заклалі падмуркі Іосіфскага сабору.
Што зараз: Музей Бялыніцкага Бірулі.
Адрас: вуліца Ленінская, 37.
4. Крыжаўзвіжанскі сабор
Калі пабудавалі: у XVII стагоддзі.
Гісторыя з’яўлення: спачатку будынак быў жылым домам, а толькі ў 1869 годзе яго перабудавалі ў царкву.
Цікавостка: У савецкі час доўгія гады Крыжаўзвіжанскі сабор, які называўся тады Святабарысаглебскай царквой, быў адзіным дзеючым праваслаўным храмам у Магілёве.
Што зараз: Праваслаўная царква.
Адрас: завулак Брусава, 2.
5. Комплекс былога кармеліцкага кляштара — сабор Святога Станіслава
Калі пабудавалі: 1738-1752 гады.
Гісторыя з’яўлення: сабор знаходзіцца на месцы былога кляштара кармелітаў. У 1636 годзе на тэрыторыі кляштара быў пабудаваны драўляны касцёл. У 1708 годзе падчас вялікага пажару гэты касцёл згарэў, а на яго месцы пабудавалі каменны храм. У савецкі час у памяшканнях касцёла размяшчаўся архіў магілёўскай вобласці.
Цікавостка: У 1780 годзе сабор Святога Станіслава наведала Кацярына ІІ. Ёй так спадабаўся храм і арган у ім, што яна загадала перасяліць кармелітаў, якія месціліся там, у іншы будынак. А сам касцёл зрабіць кафедральным і аддаць магілёўскай каталіцкай метраполіі.
Што зараз: Рыма-каталіцкі касцёл.
Адрас: вуліца Камсамольская, 4.
6. Былы архірэйскі палац
Калі пабудавалі: 1762–1785 гады.
Гісторыя з’яўлення: Рэзідэнцыю адмыслова для праваслаўнага архіепіскапа Георгія Каніскага будаваў пратэстант Ян Глаўбіц, які быў адным з самых запатрабаваных архітэктараў Вялікага княства Літоўскага.
Архірэйскі палац уваходзіў у ансамбль Спаскага манастыра. На першым паверсе рэзідэнцыі знаходзілася парадная зала для прыёмаў і службовыя пакоі, на другім — асабістыя пакоі ахіепіскапа: адпачывальня, кабінет, бібліятэка, на трэцім — гаспадарчыя памяшканні
Цікавостка: у 1918 годзе будынак займала першая Магілёўская губернская надзвычайная камісія.
Што зараз: метадычны кабінет Праваслаўнай царквы.
Адрас: вуліца Ленінская, 11.
7. Будынак былога акруговага суда
Калі пабудавалі: 1778 год.
Гісторыя з’яўлення: дом быў пабудаваны як будынак ніжняга земскага суда, урачэбнай управы і архіва. У 1883 годзе будынак часткова перабудавалі і прыстасавалі пад акруговы суд.
Цікавостка: у 1919 годзе ў будынку размяшчаўся штаб 16-й арміі, у якім працаваў член Рэўваенсавета арміі – Рыгор Арджанікідзэ.
Што зараз: Магілёўскі абласны краязнаўчы музей.
Адрас: плошча Славы (мінулая Савецкая), 1.
8. Мемарыяльная арка
Калі пабудавалі: 1780 год.
Гісторыя з’яўлення: трыумфальную арку пабудавалі ў 1780 годзе да прыезду ў горад расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ і аўстрыйскага імператара Іосіфа ІІ. Разам з флігелямі і Іосіфскім саборам яна уваходзіла ў ансамбль Саборнай плошчы. Ад ансамбля захавалася толькі арка.
У 1964 годзе на арцы ўстанавілі мемарыяльныя дошкі ў гонар часцей Другога Беларускага фронту, якія 28 чэрвеня 1944 года вызвалілі горад Магілёў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Цікавостка: да Вялікай айчынай вайны за аркай знаходзіўся драўляны цырк і, паколькі арка была скразной, праз яе можна было патрапіць на пастановы.
Адрас: вуліца Першамайская (насупраць гандлёвага цэнтра «Днепр»).
9. Былы даходны дом
Калі пабудавалі: 1790 год.
Гісторыя з’яўлення: гэта адзін з узораў гарадскога жылля канца XVIII стагоддзя. Унутраная планіроўка будынка цяпер значна зменена, але архітэктура фасадаў захавалася.У царскія часы тут быў даходны дом, у якім гараджане бралі ў арэнду жыллё, а ў савецкія часы ў будынку знаходзіўся прытулак для дзяцей.
Цікавостка: самы стары дом з дакладнай датыроўкай пабудовы, які захаваўся ў Магілёве.
Што зараз: школа развіцця для дзяцей «Baby Lu» і крама дызайнерскага адзення «Alena Goretskaya».
Адрас: вуліца Ленінская, 7.
10. Флігелі каля палаца Каніскага
Калі пабудавалі: другая палова XVIII стагоддзя.
Гісторыя з’яўлення: у будынках знаходзіліся келлі манахаў. Яны разам з палацам Каніскага і духоўнай семінарыяй уваходзілі ў ансамбль Спаскага манастыра.
Цікавостка: у левым флігелі месціўся музей гісторыі Магілёва і ў ім была адкрытая выстава «Магілёў магдэбургскі». Грошы на экспазіцыю выдаткавала амбасада ЗША і на адкрыцці прысутнічаў амбасадар штатаў Джон Крол.
Што зараз: прадстаўніцтва нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Магілёўскай вобласці і крама «Galanteya».
Адрас: вуліца Ленінская, 11 і 9Б.
Па тэме чытаюць: