Праграміст з Магілёва Алег Лісоўскі, які зараз жыве ў Баварыі, сабраў каля 200 унікальных здымкаў, на якія патраціў звыш 2 000 еўра.
Алег Лісоўскі набыў першы здымак ў 2011 годзе на анлайн-аўкцыёне ebay . У той час малады праграміст займаўся пошукамі электронных копій выяў Магілёва для сваіх picasa-альбомаў. Нават стварыў ветку на форуме mogilev.by, дзе аматары гісторыі разам шукалі здымкі, абмяркоўвалі розныя дэталі, шукалі невядомыя мясціны. І вось неяк туды нехта даслаў скрыншоты нямецкіх здымкаў з ebay-аўкцыёна.
— Я адразу кінуўся глядзець, але здымак ужо быў выкуплены кімсьці іншым. З таго часу я пачаў прасочваць усе новыя паступленні ў пошуках Магілёва. І як аказалася, Магілёў сустракаецца хаця і не так часта, як іншыя гарады, напрыклад, Мінск і Смаленск, але даволі рэгулярна. Тады і распачалася мая праца па пошуку на аўкцыёнах усяго, што датычыцца Магілёва і гісторыі Беларусі ў цэлым, — распавядае Алег.
Здымкамі гандлююць буйныя перакупшчыкі, выпадковыя людзі і былыя калекцыянеры, якія з-за нейкіх прычын прадаюць частку сваіх калекцый. Сярэдні кошт здымка — 10-15 еўра, самыя дарагія – каля 70 еўра. Алег купляе ўсе здымкі за свае грошы і жартуе, што гэта не заўсёды радуе жонку, але, на шчасце, здымкі сустракаюцца не так часта каб нанесці сур’ёзную шкоду сямейнаму бюджэту.
— Гледзячы на здымкі, разумееш, што вайна была яшчэ больш жудаснай, чым мы думаем. Што мільёны людзей былі вымушаныя забіваць адзін аднаго дзеля забаўлення тыранаў, якім было пляваць на жыцці сваіх і чужых народаў. Дзеля іх амбіцый былі загубленыя сотні тысяч людзей, якім гэтая вайна была ніякім чынам не патрэбная. Значна лягчэй думаць, што мы былі героямі, а яны злачынцамі. Значна цяжэй разумець, што і тыя, і другія былі ахвярамі бязглуздай крыважэрнай тыраніі і што тыя падзеі настолькі неадназначныя, што мы ніколі не зразумеем да канца глыбіню іх жахлівасці, — разважае Алег.
Таму калекцыянер зараз хоча выратаваць як мага больш падобных артэфактаў — сапраўдных сведкаў гістарычных падзей, якія значна лепш за падручнікі раскажуць аб тым, што адбывалася ў той час. І плануе разам з музеем гісторыі Магілёва арганізаваць выставу.
Калекцыя здымкаў Алега Лісоўскага каштоўная тым, што нямецкія фотакарткі — адна з рэдкіх крыніц выяў, па якіх можна ўбачыць архітэктуру горада да 1944 году, калі падчас вызвалення горада вялікая колькасць помнікаў была знішчаная бамбёжкамі і артылерыяй. Са здымкаў бачна, што да таго горад быў амаль некрануты вайной. Немцы яго не бамбілі, бо не бачылі ў гэтым сэнсу: які сэнс бурыць будынкі, у якіх можна жыць?
— Нямецкі рацыяналізм выратаваў горад падчас акупацыі. Але ўсё нажаль было страчана ў пасляваенныя гады, калі ў імкненні да светлай будучыні знішчаліся помнікі даўніны і замяняліся на «сучасныя» і «адпавядаючыя сацыялістычнаму ладу», — кажа Алег Лісоўскі.
Магілёвец таксама лічыць, што прыватны здымак можа расказаць значна больш за сухія дакументы і лічбы. Немцы фатаграфавалі магілёўскія гарадскія краявіды і баі, рабілі партрэты салдатаў на фоне горада, у казармах ды кватэрах. Фотакарткі паказваюць не пастановачныя карціны для прапаганды, а тое, як тую ці іншую карціну бачыць чалавек. Бо ён здымае тое, што яго зацікавіла і закранула ягоныя пачуцці. Акрамя таго, можна пабачыць усе падзеі вачыма «з іншага боку».
Самы каштоўны здымак – фотакартка з пакараннем магілёўскіх падпольшчыкаў
Сярод 200 здымкаў ёсць адзін сапраўды гістарычна каштоўны і ў той жа час жудасны. Гэта здымак пакарання магілёўскіх падпольшчыкаў. Калі Алег яго набываў, то нават і не ведаў, што патрапіла ў яго рукі. Простым вокам на здымку бачны толькі натоўп на Ратушнай плошчы, бо картка памерам 6х9 сантыметраў.
У ваенны час з-за таго, што папера была ў дэфіцыце 90% здымкаў былі такімі невялікімі. Калі калекцыянер адсканаваў здымак у высокай якасці, то не мог паверыць сваім вачам, бо…
— Натоўп быў гледачамі пакарання, сярод іх стаяла шыбеніца, і нямецкія салдаты накідвалі петлі на шыі трох асуджаных. У Магілёве за часы акупацыі было толькі два публічных пакаранні. І на здымке самы пачатак апошняга з іх, якое адбылося 25 красавіка 1942 года. Тады былі павешаныя падпольшчыкі Міхась Мяцёлкін, Анатоль Ражкоў, Павел Хахлоў, — распавядае Алег.
Подпіс у ваенным альбоме кухара: «Шэсць страчаных гадоў, і яшчэ тры — у глыбокім смутку»
У калекцыі Алега ёсць альбом нямецкага ваеннага кухара, які служыў у Магілёве. У ім толькі тры фотаздымкі горада і некалькі партрэтаў жыхароў, але на альбоме паказальны надпіс на тытульніку: «Шэсць страчаных гадоў, і яшчэ тры ў глыбокім смутку. Чым надзейней за ўсё выграюць вайну? Колькасцю загінуўшых» .
— Вось гэта жывы, сапраўдны погляд чалавека, які прайшоў вайну. Не прыхарошаны прапагандай ці імкненнем апраўдаць сябе, — кажа Алег.
У альбоме акрамя здымкаў быў ліст магілёўскай кухаркі, якая, відаць, працавала разам з немцам. Калі кухара пераводзілі служыць у Італію, дзяўчына напісала яму поўны самоты развітальны ліст, які быў напісаны на крывой нямецкай мове. Хлопец захаваў ліст разам са звесткамі пра тую дзяўчыну і яе адрэсам ў тагачасным Магілёве.
Чым адрозніваюцца нямецкія фотаздымкі ад савецкіх
Ёсць толькі адно вялікае адрозненне: савецкія салдаты здымалі сябе і сяброў, каб засталася памяць, мала рабілі чыста архітэктурных здымкаў. Фотакамера была недасягальнай раскошай для большасці простых савецкіх салдатаў, да таго ж цяжка было знайсці паперу і рэактывы. А яшчэ здымаць гарады было небяспечна, бо НКУС (руск. НКВД) мог зацікавіцца гэтым і палічыць чалавека за шпіёна.
У немцаў амаль у кожнага была камера, яны фатаграфавалі і будынкі, і незнаёмцаў, і знакавыя падзеі.
Фотаздымкі з калекцыі каментуе Алег Лісоўскі:
Таксама чытаюць па тэме:
Топ-10 самых старых будынкаў Магілёва
Які Магілёў паказваюць турыстам
Невялікая прагулка па Магілёву: з сучаснасці ў мінулае