Да нас прыходзіць астранамічная восень. Сочым за надвор’ем — і правяраем прыкметы

Яна ўжо грукае ў дзверы Беларусі: з 12:05 пятніцы, 23 верасня восень пачала валадарыць поўнасцю.  А ўжо з 24 верасня цёмны час сутак будзе даўжэйшы за светлы.

Сонца перасячэ нябесны экватар і пяройдзе з паўночнага паўшар’я ў паўднёвае. У дзень асенняга раўнадзенства Зямля становіцца вертыкальна адносна Сонца.

Згодна з разлікамі астраномаў, з 2012 па 2044 год у высакосныя гады  астранамічная восень будзе пачынацца 22 верасня, а ў звычайныя гады – з 23 верасня, піша telegraf.by.

Калі верыць прыкметам…

У дзень асенняга раўнадзенства, 23 верасня, пачынаецца другая палова «бабінага лета».

Калі верыць народнаму календару, то нас чакае такая восень, якім будзе гэты дзень. Беларускі народ заўважаў напрацягу год, што чым верасень сушэйшы і цяплейшы – тым пазней прыйдзе зіма.

Штогод яна наступае ў розны час

Дарэчы,з астралагічнай кропкі гледжання, Сонца 23 верасня пераходзіць у знак Шаляў.

Пачатак астранамічнага і календарнага сезонаў не супадаюць, таму астранамічная восень пачынаецца штогод у розны час. У мінулым годзе пачатак астранамічнай восені прыйшоўся на 23 верасня на 06:09 гадзіну па беларускім часе.

Яшчэ некаторыя асеннія народныя прыкметы:

У лесе шмат рабіны — восень будзе дажджлівая, мала — сухая.

Калі жураўлі ляцяць высока, не спяшаючыся і «размаўляюць», будзе стаяць добрая восень.

Гром у верасні прадвесціць цёплую восень.

Пакуль лістце з вішань не апала, колькі б снегу ні выпала, адліга яго згоніць.

Аблокі рэдкія — будзе ясна і холадна.

Калі арэхаў шмат, а грыбоў няма — зіма будзе снежная і суровая.

Калі восенню бярозы жоўкнуць з верхавіны, наступная вясна будзе ранняя, а калі знізу, то позняя.