У Беларусі з’явіцца новая паштовая марка ў гонар Максіма Танка

Намінал маркі адпавядае тарыфу на перасыланне міжнароднага простага пісьмовага допісу (лісты, бандэролі, дробныя пакункі) вагой да 20 грам.

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі 15 верасня 2012 года выпускае ў зварот новую паштовую марку «100 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка».

Аўтар новай маркі — мастак Мікалай Рыжы. Памер навінкі — 26х37 міліметраў, надрукаваная яна на мелаванай гумаванай паперы, тыражом 60 тысяч асобнікаў.

У дзень выпуску паштовай маркі ў зварот у аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мядзела будзе праводзіцца адмысловае гашэнне на канверце «Першы дзень».

Нагадаем, 29 жніўня 2012 года Наныянальны банк краіны ўвёў у абарачэнне две памятныя манеты «Максім Танк. 100 гадоў».

Даведка:

Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко), нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Мядзелскага раёна Менскай вобласці. Класік беларускай літаратуры, паэт, перакладнік, дзяржаўны дзеяч. Народны паэт Беларусі (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972).

Свае першыя вершы змесцаваў у рукапісным часопісе «Пралом» (1931). Першая яго складанка – «На этапах» (1936). З-пад пяра Максіма Танка выйшла мноства кніг, сярод самых вядомых кніг паэта – «След маланкі» (1957), «Глыток вады» (1964), «Ды будзе святло» (1972), «Ave Maria» (1980).

Творчасці Максіма Танка характэрны тэматычная шырата і разнастайнасць формаў. Шмат кніг вершаў і казак Максім Танк напісаў для дзяцей.