Кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў сустрэўся 28 лістапада з выбаршчыкамі.
Сустрэча праходзіла ў ДК Чыгуначнікаў. На ёй прысутнічала каля 70-ці выбаршчыкаў. Сярод іх — пераважна людзі сталага веку, моладзі было няшмат.
Сустрэча з Кастусёвым пачалася ў 12:00 і скончылася ў 13:50. У гэты ж дзень пасля Магілёва Рыгор Кастусёў наведаў Бялынічы, Круглае і Шклоў.
Магілёў і Магілёўская вобласць для кандыдата – родныя мясціны. Нарадзіўся Кастусёў ў Бялыніцкім раёне, пражыў шмат часу ў Шклове і ў Магілёве.
Рыгор Кастусёў падчас агітацыйнай кампаніі больш не наведае Магілёў. Як паведамілі прадстаўнікі ініцыятыўнай групы кандыдата, у Магілёў плануецца прыезд даверанай асобы Кастусёва – Аляксандра Мілінкевіча. Час і месца сустрэчы Мілінкевіча з магілёўцамі будзе вядома пазней.
Нагадаем:
Рыгор Кастусёў і яго ініцыятыўная група падчас кампаніі па збору подпісаў ладзілі акцыі ў Магілёве.
Кастусёў, так як і іншыя кандыдаты меў эфірны час на беларускім тэлебачанні. Выступы кандыдатаў – тут.
Падчас агітацыйнай кампаніі раней за Кастусёва ў Магілёў на сустрэчу з выбаршчыкамі 25 лістапада прыязджаў кандыдат Уладзімір Някляеў.