У Беларусі стартаваў пяты Фестываль беларускамоўнай рэкламы AD.NAK

Работы на конкурс ад аўтараў арганізатары чакаюць да 9 чэрвеня.

Сайт Пятага фестывалю АD.NAK! пачне працаваць з 30 красавіка. З гэтага часу і пачнецца прыём заяваў. Фінальная частка з уручэннем прызоў і багатай адукацыйнай праграмай запланаваная на 27 чэрвеня.

Па дадатковую інфармацыю можна звярнуцца па тэлефонах: +375 29 177-0121, 29 755-1434.

Фестываль-2014 будзе прадстаўлены канцэпцыяй «Думай глабальна – дзейнічай лакальна!».

Сёння ў многіх краінах свету ўзмацняецца трэнд, які атрымаў назву Glocal (спалучэнне глабальнага і лакальнага). Фестываль з першых сваіх крокаў уцягваў прафесійную супольнасць Беларусі ў гэтыя працэсы. Для бізнесу гэта значыць развіваць справу глабальна, надаючы пры гэтым значную ўвагу мясцовым умовам.

У гэтым годзе арганізатары вырашылі правесці некалькі 2-дзённых воркшопаў напрыканцы траўня – у пачатку чэрвеня, у межах якіх удзельнікі здолеюць стварыць і паказаць больш якасныя і арыгінальныя ідэі.

— Мы вырашылі першымі з усіх статусных рэкламных фестываляў увесці ў актыўны ўжытак такі конкурсны фармат, як воркшоп. Аднак удзельнікі гэтага фармату адначасова з’яўляюцца ўдзельнікамі адпаведнага конкурсу, і аўтары найлепшых праектаў атрымаюць прызы і магчымасці практычнай рэалізацыі сваіх ідэй, — адзначыў Сяргей Скараход, кіраўнік праекта Marketing.by, які выступае арганізацыйным партнёрам AD.NAK! — Дзякуючы такому падыходу арганізатары Фестывалю разлічваюць на большы прафесійны ўзровень конкурсных работ. Трэба таксама адзначыць, што ўдзел у воркшопах будзе, натуральна, бясплатны, як і ў астатніх намінацыях і конкурсах AD.NAK!

Кожны год у працу Фестывалю ўцягваюцца найбольш прафесійныя, паспяховыя і вядомыя прадстаўнікі рэкламна-камунікацыйнага рынку і бізнесу Беларусі. Яны ўжо працуюць у сусветным рэчышчы, шукаюць у лакальным цікавыя ідэі і рашэнні, якія робяцца запатрабаванымі і эфектыўнымі для беларускага бізнесу.

— Штогод Фестываль AD.NAK! адзначае ўсё большую колькасць якасных і амбітных рэкламных праектаў. У той жа час і колькасць цікавых культурніцкіх праектаў расце. Аднак далёка не ўсе культурніцкія праекты могуць дайсці да свайго спажыўца, ім не хапае камунікацыі. І Фестываль – гэта тая пляцоўка, якая дае магчымасць адбудаваць гэтую камунікацыю, «пасябраваць» культуру і бізнес, культуру і маркетынг, узбагачаючы адно аднаго. Мы мяркуем, што дбаць пра сябе, сваю зямлю, сваю культуру – гэта найлепшы спосаб быць цікавым для іншых у сучасным глабалізаваным свеце», — кажа Ніна Шыдлоўская, каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі «Будьма беларусамі!», якая з’яўляецца ініцыятарам правядзення Фестывалю AD.NAK