Алясей Паронкін (Лёпа Глюк): «Я гатовы зрабіць першы крок»

Вакаліст «Глюкаў» Аляксей Паронкін пра магчымасьць адраджэньня каманды: «Такое можа адбыцца, калі мы ўрэшце забудзем старыя крыўды і зьявіцца жаданьне пачаць з чыстага аркуша. Ведаю, што камусьці трэба зрабіць першы крок і я гатовы яго зрабіць». Другі лідэр каманды Раман Жыгараў: «Я дагэтуль не магу зразумець навошта было разыходзіцца. Мне нецікава займацца гэтым гуртом пасьля таго, што адбылося».

Ад часу выступа на фэстывалі «Басовішча-2008» вакаліст «Глюкаў» Аляксей Паронкін на сцэну не выходзіў. Праз асабістыя супярэчаньні ўдзельнікі каманды вырашылі разысьціся. Нягледзячы нават на тое, што ўзялі трэцяе месца на фэсьце музыкі маладой Беларусі і тое, што быў гатовы іх новы альбом «Ідыятызм». Дыск, праўда, усё ж вырашылі выдаць налета, а галоўны гіт зь яго «Краіна 2.0» аддаць у гіт-парад на «Тузін Гітоў». Іншыя два ўдзельнікі каманды —Стас Мытнік і Раман Жыгараў заснавалі новы гурт — Akute, а сам Аляксей сьвядома выйшаў па-за межы музычнага працэсу. У яго зьявілася сям’я і нарадзілася дачка — Ліза, надта патрэбныя былі грошы, якія з дапамогай музыкі ў Беларусі зарабіць няпроста. Вакаліст гурта, які мог стаць належным пераемнікам N.R.M., працуе ў рэклямнай сфэры дызайнэрам і падумвае пра тое, каб зьехаць на падпрацоўкі за мяжу. «Зьбіраюся ў Італію, праўда няясна яшчэ чым тамака буду займацца — магчыма пайду на будоўлю, а мо ўладкуюся сьпяваць у караоке-бар».

Але гітару Лёша не прадаў ды працягвае займацца музыкай. Ідэі заснаваць новую каманду ён не пакінуў. «Мяркую, што раней ці пазьней гэта адбудзецца. І гэта група будзе працягваць традыцыі „Глюкаў“, як у музычным, так і ў тэкставым пляне». Тое, што Akute часам прадстаўляюць, як «экс-Глюкі» Лёшу не кранае. «Так яно і ёсьць, няхай яны і граюць музыку адрозную ад той, якую мы рабілі разам. Мне нават падабаюцца асобныя іх рэчы, але далёка ня ўсё».

З часоў распаду ён не размаўляў з былымі музыкамі каманды, але не выключае аб’яднаньня каманды. «Такое можа адбыцца, калі мы ўрэшце забудзем старыя крыўды і зьявіцца жаданьне пачаць з чыстага аркуша. Ведаю, што камусьці трэба зрабіць першы крок і я гатовы яго зрабіць. Хоць не ўпэўнены, што гэта адбудзецца вельмі хутка».

Да моманту, калі музыкі ўсё ж вырашаць аб’яднацца, «Краіна 2.0», як і іншыя творы «Глюкаў» не прагучаць ужывую. Па ўзаемнай дамове, ні Akute, ні будучая новая каманда Паронкіна ня могуць выкарыстоўваць у сваім рэпэртуры супольную спадчыну.

Лёша цешыцца з таго, што «Краіна 2.0» стала галоўным беларускім гітом гэтага сэзону. «Відавочна, што яна дастойная гэтага. Праўда, мне самому больш даспадобы яе першы варыянт, без запрошаных гасьцей». Вакаліст «Глюкаў» сам зь цікавасьцю сачыў за разьвіцьцём падзеяў на «Тузіне» цягам гэтага сэзону. «Я хачу падзякаваць нашым прыхільнікам, што прынесьлі дзесяць перамогаў у чарце і галоўную — у мэгатуры. Малайцы, што заклікалі галасаваць па сумленнасьці. Дзякуй, што не забываліся і спадзяваліся!»

У чарт на «Тузін» Аляксей абяцае вярнуцца ўжо з новай песьняй свайго праекту, а магчыма, што і з адроджанымі «Глюкамі». Прынамсі, перамога «Краіны 2.0» засьведчыла, што гурт распаўся дарма.

Камэнтар Рамана Жыгарава, экс-удзельніка «Глюкаў», заснавальніка гурта Akute:

«Мне бы не хацелася казаць пра магчымасьць вяртаньня „Глюкаў“ ды неяк камэнтаваць словы Лёшы. Па шчырасьці мне нецікава займацца гэтым гуртом пасьля таго, што адбылося. Я дагэтуль не магу зразумець навошта было разыходзіцца. Таму і ня бачу сэнсу мірыцца, як у дзіцячым садку. Так, сусьветная практыка сьведчыць, што ўдзельнікі гурта нават праз працяглы час могуць сабрацца разам, але тая ж практыка паказвае, што часта каманды працягваюць працу, нягледзячы на ўнутраныя спрэчкі. Так мусіла адбыцца з „Глюкамі“, але не адбылося. А ў «Тузіне» перамаглі найперш тыя людзі, якія галасавалі за «Краіну 2.0». Таксама гэта перамога ў роўнай ступені Яна Маўзэра і Ромы UFO з Green Che, якія далучыліся да запісу гэтага трэку».