MAUZER паехаў у Мінск і ледзь уцалеў

Адзін з лепшых маладых рок-гуртоў Беларусі пераехаў з роднага Магілёва ў Мінск, перажыў распад ды ізноў аднаўляе сваю дзейнасць. Лідэр гурта Ян Маўзер кажа, што цяпер гурт будзе гучаць зусім па-іншаму.

Пасля «полураспаду» гурта, калі перад прэзентацыяй іх новага альбому пад правакацыйнай назвай «Pornа» з каманды пайшлі басіст і бубнач, лідэр «маўзераў» разам з гітарыстам прынялі рашэнне перабрацца ў Мінск. «Мы зразумелі, што ў сталіцы куды больш прасторней і перспектыўней. У Магілёве да ўсяго досыць цяжка знайсці музыкаў. Там мала хто падыходзіць нам як з тэхнічнага боку, так і па знешнім выглядзе, на які мы заўжды звярталі ўвагу», – тлумачыць Ян Маўзер.

Аднак ужо ў Мінску заснавальнікі гурта Ян і Колхз не паразумеліся, у выніку чаго апошні вярнуўся ў родны горад. Лідэр «маўзераў» застаўся адзін і вымушаны быў ствараць каманду з нуля. Бубнача і басіста ён ужо знайшоў, цяпер справа за гітарыстам, да якога асаблівыя патрабаванні. «Вова Колхз быў ключавой фігурай, ён жа пісаў і музыку, таму замену яму знайсці не так і проста», – тлумачыць Ян. Неўзабаве абноўлены MAUZER пачне рэпетыцыі – да гэтага лідэр каманды не будзе раскрываць прозвішчы новых музыкаў – каб не сурочыць. «Наша музыка відавочна зменіцца, не ведаю, у які бок, але дакладна яна будзе іншай», – зазначае ён і дадае, што магчымы варыянт, што MAUZER цяпер не будзе выконваць «Беларусь будзе вольнай», «Брудная вада», «Калыханка» ды іншыя старыя песні.

Сам Уладзімір Колхз сітуацыю з гуртом MAUZER каментаваць не хоча: «Смецце з хаты выносіць не буду. Але дакладна магу сказаць, што ў гэтым гурце я больш не задзейнічаны». Цяпер былы гітарыст MAUZER працуе над стварэннем новага праекту. Абяцаецца электра-поп з англійскамоўным вакалам.

Гурт MAUZER – адзін з лідэраў беларускай рок-музыкі новага пакалення. Яны перамаглі на фестывалі «Басовішча» у 2005 годзе, сталі лаўрэатамі фэсту «Рок-Кола-2005», уладальнікамі «Рок-Кароны» за «Дэбют года» на цырымоніі «Рок-Каранацыя-2005», на «Рок-Каранацыі-2006» Ян Маўзер прызнаны «Выканаўцам году». Гурт прадстаўляў Беларусь на буйных фестывалях «Воздух-2007» у Расіі і Be2gether-2008 у Літве. Іх апошні альбом «Pornа» увайшоў у тройку лепшых дыскаў першага паўгоддзя 2010 па версіі сайта Experty.by.