Для тых, хто жадае павандраваць

У вандроўку «Па мясцінах філаматаў і філарэтаў» 13-14 жніўня запрашае магілёўская суполка ТБМ.

Кошт паездкі (на аўтобусе) – 150 000 беларускіх рублёў.

Маршрут

Падарожжа адбудзецца па наступным маршруце (магчымыя змены):

Магілёў – Мінск – Мір (без экскурсіі па замку) – Ішкалдзь – Сталовічы – Завоссе (месца нараджэння Адама Міцкевіча, тут будзе начлег) – Карчова – Туганавічы – возера Свіцязь – Валеўка – Наваградак (першая сталіца ВКЛ) – Мінск – Магілёў.

Умовы

Начлег у палаткавым лагеры. З сабою неабходна мець турыстычны рыштунак.

Кантактныя тэлефоны:
Алег Дзьячкоў: МТС – 8-029-245-64-52; Velcom – 8-029-388-35-61

 

Даведка

Хто такія філаматы і філарэты?

У верасні 1817 года студэнты Віленскага ўніверсітэта, дзе вучылася пераважна беларуская шляхоцкая моладзь, утварылі таемнае згуртаванне, якое назвалі Таварыства філаматаў (у перакладзе з грэцкай мовы — аматараў навук).

Галоўная мэта, якую ставілі перад сабой філаматы, — асвета роднага краю

Галоўная мэта, якую ставілі перад сабой філаматы, — асвета роднага краю

У яго ўвайшлі самыя таленавітыя маладыя людзі, імёны якіх сталі потым шырока вядомыя ў свеце. Гэта паэт з сусветным імем Адам Міцкевіч, пачынальнік новай беларускай літаратуры і фалькларыст Ян Чачот, таленавіты паэт і грамадскі дзеяч Тамаш Зан, дзекабрыст Міхал Рукевіч, паэт і рэвалюцыянер Ануфры Петрашкевіч, вялікі вучоны і асветнік, нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка, вучоны-арыенталіст, заснавальнік манголазнаўства ў Расіі Язэп Кавалеўскі, дырэктар Літоўскай метрыкі ў Пецярбурзе Францішак Малеўскі ды іншыя. Амаль усе філаматы былі з беларускіх губерняў. Адзіны «не-ліцвін» быў старшыня Таварыства філаматаў Язэп Яжоўскі, родам з Украіны.

Галоўная мэта, якую ставілі перад сабой філаматы, — асвета роднага краю. Яны вывучалі прыроду, гаспадарку, этнаграфію, фальклор, мову Беларусі і прылеглых земляў, дзеля гэтага склалі і выдалі спецыяльную інструкцыю «Геаграфічнае апісанне». Філаматы пачалі нават пісаць падручнікі па розных галінах навукі для школ, рыхтавалі выданне часопіса «Геба». Свае творы яны пісалі пераважна на тагачаснай літаратурнай мове Беларусі — польскай. Але ставілі задачу, як прызнаюць і польскія даследнікі, «збіраць песні і паданні народа і пісаць па-беларуску». Тут асабліва праявіў сябе Ян Чачот, беларускія песні якога — «Да пакіньце горла драць», «Што мы вашэці скажам» ды іншыя — выконваліся на ўсіх філамацкіх сходках і ўрачыстасцях.

Для пашырэння свайго ўплыву на грамадства філаматы ўтварылі розныя філіі. Асабліва шырокі рэзананс атрымала дзейнасць арганізаванага Тамашом Занам Таварыства прамяністых, якое потым пераўтварылася ў Таварыства філарэтаў (аматараў дабрадзейнасці).
Патрыятычная дзейнасць філаматаў, якіх можна з поўным правам назваць пачынальнікамі ліцвінскага (беларускага) нацыянальнага адраджэння, была перапынена ў 1823 годзе з выкрыццём таварыства. Бальшыня філаматаў і філарэтаў трапіла ў турму, найбольш актыўныя з іх былі высланыя з роднай зямлі ў глыбіню Расіі. Але і пасля гэтага яны працягвалі змаганне. Напрыклад, ацалелы ад рэпрэсіяў Міхал Рукевіч арганізаваў на сваёй Беласточчыне сярод афіцэраў Літоўскага корпуса царскай арміі згуртаванне «Вайсковыя сябры», якое ў віхурыстым снежні 1825 года мужна выступіла ў падтрымку паўстання на Сенацкай плошчы Пецярбурга.
150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Мінск, 1999