Як адсвяткаваць 1 верасня. Падказкі бацькам

Як зрабіць так, каб дзіцёнак  вельмі чакаў 1 верасня? А пасля з задавальненнем бег на заняткі і з захапленнем збіраў  школьны ранец? Безумоўна, зладзіць свята!

У школьнікаў 1 верасня пачынаецца са святочнай лінейкі ў школе.

Першакласнікі чуюць свой першы школьны званок. Пасля дзеткі ўслед за класнымі кіраўнікамі адпраўляюцца ў клас. Там праходзіць першы  ўрок новага навучальнага году.

Пасля малодшыя школьнікі, часцей за ўсё, ідуць дадому, а старэйшыя – збіраюцца гуляць.

Калі старшакласнікі самастойна могуць арганізоўваць свoй час, то самым маленькім  шкалярам без дапамогі бацькоў не абыйсціся.

Невялічкія парады:

Перад лінейкай няхай першакласнік распавядзе на відэакамеру свае чаканні ад школы.

Як ён уяўляе заняткі, як будзе вучыцца, сябе паводзіць. Mожна таксама запісаць уражанні пасля лінейкі.  Праз 10 год гэта плёнка стане набыткам паралелі  і будзе, што паказаць унукам!

Не плануйце занадта насычаны дзень.

Ранкам –  лінейка ў школе, пасля яе дзеці будуць ужо стомленымі. Лепш даць адпачыць крыху, а пасля  працягваць  забаўляць, але ў меру, бо на наступны дзень – у школу.

Можна прыдумаць, якую-небудзь першавераснёўскую сямейную традыцыю.

Ваша дзіця з гонарам будзе распавядаць сябрам пра яе. А  ў сям’і з’явіцца яшчэ нешта аб’ядноўваючае.

 

Як адсвяткаваць

Першае, што трэба вызначыць  – гэта свята будзе сямейным ці ў коле сяброў дзіцёнка. Калі ў вас першакласнік, тады было бы добра зладзіць свята для ўсяго класа.  Дзеці ў час гульняў раззнаёмяцца, як зрэшты, і бацькі ў час арганізацыі дзіцячага свята.

Другое, што трэба вызначыць – гэта месца правядзення.

 

Што можна наведаць:

Парк атракцыёнаў

Паход на каруселі – гэта заўсёды свята для дзіцяці, таму ўсмешка вашага атожылка (руск. отпрыска) вам гарантавана.  Дзіцячыя атракцыёны ў Магілёве каштуюць прыкладна 3-10 тысяч беларускіх рублёў. Салодкая  вата (5 000 рублёў)  ці пап-корн (5 000 рублёў) стануць смачным дадаткам.

 

Кінатэатр

Мультфілімы і дзіцячыя фільмы заўсёды актуальны. Кошты розныя, усё залежыць ад вызначанага мультфільма і кінатэатра.

 

Святочныя пляцоўкі

Часцей за ўсё на дзень ведаў у горадзе працуюць святочныя пляцоўкі. Там для магілёўцаў арганізаваны забаўляльныя праграмы з вялікімі лялькамі, паветранымі шарамі,  дзіцячымі канцэртамі і разнастайнымі конкурсамі. Сачыце за навінамі gorad.by.

 

Заасад або горад майстроў

Уваход у магілёўскі заасад каштуе 3 500 рублёў – дарослым, школьнікам -2 000 рублёў,  дашкольнікам – 1 000 рублёў.

У заасадзе можна пакатацца на кані (дарослым – 2 000 рублёў, дзецям – 1 500 рублёў), на паўночным алені (дарослым – 2 000 рублёў, дзецям – 1 500 рублёў.  Існуе атракцыён «Сафары па чыгунцы» (дарослым – 4 000 рублёў, дзецям –2 000).

 

Дзіцячыя кавярні

Апошнім часам у дзяцей і іх бацькоў карыстаюцца поспехам дзіцячыя або сямейныя кавярні.  Уваход туды хістаецца паміж 12-20 тысясячамі рублёў для дзіцёнка. Для дарослых або ўваход вольны або каля 5-10 тысячаў рублёў.

У гэтых кавярнях шмат дзіцячых атракцыёнаў, розных аўтаматаў, цацак. Вядома, там можна перакусіць.  Камплект піцца+марозіва+сок  у сярэднім на трох членаў сям’і абыйдзецца калі 50-60 тысяч рублёў.

 

Выехаць на прыроду

Калі ёсць магчымасць і дазваляе надвор’е –  выехаць на прыроду. Актыўны адпачынак. Што можа быць лепш?

Можна зладзіць чаяванне ў цесным сямейным коле. Разам са школьнікам спячы святочны торт або пірог і на ім напісаць «З 1 верасня!»  Вы сучасныя бацькі і не баіцеся ўзгадаць дзяцінства? Можаце зладзіць бодзі-арт гадзіну. Гэта дакладна запомніцца. І не забудзьце сфатаграфаваць вашыя работы.

 

А можна проста спытаць у сына або дачкі: «Як ты хочаш правесці 1 верасня?»

Ваш сынок ці дачушка будуць прыемна здзіўлены, калі ім урачыста ўручыць дыплом ці ордэн.  За якія заслугі? За поспехі ў харчаванні ката Мурзіка,  за лепшую гульню на  кухонных рондалях (руск. кастрюля ) і гэтак далей, усё злежыць ад фантазіі бацькоў і здольнасцяў дзяцей.

Як прыкладанне да дыплому ці ордэну – прыз у студыю.  Можна зрабіць  шчаслівы талісман, які прыносіць поспех у вучобе.  Ён можа выглядаць як заўгодна.

 

Як бы вы гэты дзень не правялі, памятайце, што галоўнае – страрыць атмасферу свята. Як вучэбны год пачнеш – так яго і правядзеш. Няхай веды будуць атаясамлівацца са святам.