У Магілёве выступіў Зміцер Вайцюшкевіч

За апошнія некалькі гадоў у Магілёў спявак прыехаў ужо ў трэці раз.

Зміцер Вайцюшкевіч – сапраўдны партызан беларускай музычнай альтэрнатывы. За свае палітычныя сімпатыі патрапіў пад «раздачу» пасля падзей мінулай зімы. Зараз з’яўляецца афіцыйна забароненым у краіне музыкантам. Але, не гледзячы на шматлікія адмененыя канцэрты на афіцыйных пляцоўках, Вайцюшкевіч працягвае актыўна гастраляваць.

У Магілёў Вайцюшкевіч 15 лютага прывёз «салянку» з самага любімага: свайго і публікі. Прынамсі «Я нарадзіўся тут», «Дарога», «Вясновы дзень» – спявалі хорам.

Дасягненні музыкі

Сёння Зміцер Вайцюшкевіч (вядомы таксама як Тодар) – гэта 40-гадовы мужчына, шматдзетны тата, аўтар 14 альбомаў. За плячыма, таксама, ўдзел у такіх праектах як «Крыві», «Палац», «Я нарадзіўся тут», «Народны Альбом».

Сёлета музыка выпусціў альбом «Чара»: на словы вядомых еўрапейскіх паэтаў, перакладзеных на беларускаю мову. Крытыкі, дарэчы, ужо паспелі абазваць плыток ледзь не самым удалым за ўсю кар’еру спевака.

Канцэрт у Магілёве

За апошнія некалькі гадоў у Магілёў спявак прыехаў ужо ў трэці раз. Цяпер канцэрт дапамагла зладзіць кампанія «Будзьма». І, не гледзячы на «падпольнасць» Вайцюшкевіча, выступ сабраў каля 100 магілёўцаў.

Сам жа Вайцюшкевіч, цягам 2-х гадзіннага выступу, спяваў і гаварыў многа і з задавальненнем. Якое, відавочна, падзяляла і публіка.