Пасля двухгадовага перапынку гурт OSIMIRA выступіў у Магілёве

Магілёўскі гурт OSIMIRA – адзін з самых паспяховых этна-праектаў краіны. Пасля двухгадовага перапынку магілёўцы выступілі дома.

Канцэрт у клубе «Cuba» 12 траўня атрымаўся надзвычай душэўным, пакінуў пасля сябе адчуванне радасці, нібы пасля сустрэчы даўніх сяброў.

Магілёў стаўся для гурта кшталту перавалачнага пункту на шляху ва Украіну, на чарговы фестываль. Выступ стаўся прыемным, як для музыкаў, так і для іх прыхільнікаў. OSIMIRA адыгралі двухгадзінны канцэрт, падзяліўшы яго на дзве часткі: акустыку і, так званае «мяса». Менавіта падчас электрычнай часткі публіка нарэшце прачнулася і пачала танчыць. Без чаго, па-праўдзе, проста немагчыма ўявіць ніводны выступ гурта.

Музыкі прэзентавалі ў Магілёве новы матэрыял, а таксама новую скрыпачку з дзіўным, але сапраўдным імем – Мальвіна.

– OSIMIRA – гэта этна-праект, своеасаблівая пляцоўка для рэалізацыі самых розных музычных ідэй і памкненняў, – так кажуць самі музыкі.

ФОТАРЭПАРТАЖ З КАНЦЭРТУ

Яны не граюць фольк, хутчэй беражліва і асэнсавана выкарыстоўваюць яго. У выніку нараджаецца самабытная і сучасная музыка, якая захоўвае і рэтранслюе дух і энергетыку традыцыяў роднай зямлі.

Сёлета OSIMIRA адзначаць сваё дзесяцігоддзе

Актыўна гастралюючы, музыкі скалясілі Расію, Украіну і Еўропу. На радзіме сустракаюцца і выступаюць рэдка. Праца над новымі запісамі адбываецца ў інтэрнэце. Галоўная прычына такога фармата – пераезд Андруся Палаўчэні у Піцер, яшчэ ў 2007 годзе. Адзін з лідараў гурта, на Беларусь прыязджае адносна рэдка, а за гэты час займеў яшчэ і новы праект: сёлета, дарэчы, першы альбом гурта «Hvarna» «Кола вяртанняў» атрымаў адразу некалькі прэстыжных музычных прэмій.

Па словах Андруся Палаўчэні, «выступаць у Магілёве заўсёды прыемна. А тое, што гэта адбываецца рэдка – нармальна. Граць у родным горадзе часцей чым раз на год не мае сэнсу. Хочацца здзіўляць і радаваць, хочацца, каб цябе сапраўды чакалі, а дзеля гэтага гурту трэба паспяваць змяняцца»…