Рыцарскі фэст у Мсціславе-2012: турыстычны брэнд, а камусьці – і стыль жыцця

На два дні Мсціслаў вярнуўся ў Сярэднявечча.

Фестываль сярэднявечнай культуры прайшоў 28-29 ліпеня 2012 года у Мсціславе.

На свята прыехала блізу паўсотні рыцарскіх клубаў. Прадстаўленні ўдзельнікаў адбыліся на Цэнтральнай плошчы горада. Тут жа размясціўся і горад майстроў.

У гэты раз на фэст прыехала вялікая колькасць сапраўдных рамеснікаў. І не толькі магілёўскіх. Як вынік – шмат прыгожых і цікавых рэчаў, якія не набудзеш у нашых крамах.

Галоўныя падзеі фэсту адбываліся на Замкавай гары.

– Пабываць у месцы, дзе калісьці ступала нага аднаго з лепшых рыцараў Беларусі – гонар для любога гісторыка,- кажа археолаг Алег Трусаў. Гаворка вядзецца пра Князя Лугвен. Менавіта ён калісьці вывеў на Грунвальдскае поле Мсціслаўскія харугвы.

На Замкавай размясціўся і шатровы лагер, дзе пасяліліся каля 350 удзельнікаў фэсту. У праграме: турніры лучнікаў і вершнікаў, спаборніцтвы мечнікаў, бугурты, рыцарскія баі «сценка на сценку», змаганне ў якіх ідзе да апошняга стаячага на нагах ваяра.

Пазітыву брутальнаму відовішчу дадала музыка. Майстар-клас па сярэднявечных танцах даў гурт «Яварына». Канцэрт гурта «Стары Ольса» наогул стаўся разынкай вечаровай праграмы.

 

Арганізатары: фэст павінен стаць турыстычным брэндам

Фэст у Мсціславе адзіны такі ва усходняй Беларусі. У 2007 годзе яго задумала і правяла група актывістаў культурніцкіх арганізацыяў Беларусі. Мясцовая ўлада ідэю падтрымала.

Праўда, потым бакі разышліся наконт канцэпцыі фэсту. Пасля гэтага арганізацыя і фінансаванне свята цалкам перайшлі да раённых і абласных ўладаў.

adsense кликер для заработка на Google AdSense от 500 до 1000 долларов в месяц

Цяперашнія арганізатары маюць наконт фестывалю самыя пазітыўныя спадзевы. Па словах Святаслава Кусава, кіраўніка ідэалагічнага аддзелу райвыканкаму, у «Мсціслаўскага фэста» ёсць усе шанцы стаць сапраўднай турыстычнай разынкай рэгіёна. Для гэтага сёння ёсць ўсе ўмовы. Акрамя слаўнай гісторыі, Мсціслаў – гэта адзіны горад у Беларусі, дзе захавалася такая колькасць помнікаў архітэктуры і прыроды. І фестываль змог аб’яднаць усе гэтыя рэчы ў адно вялікае свята, якое толькі пачынае развівацца. Сёлета, напрыклад, на яго прыехала 9-10 тысяч гасцей, тым часам як першы фэст сабраў толькі 1,5 тысячы. Летась фестываль амаль цалкам самаакупіўся. Сёлета ёсць усе шанцы, што ён акупіцца на 100%.

 

Як усё адбывалася:

 

Фотарэпартаж з фэсту глядзі тут

Уражанні post factum

Сёлета фестываль прадаваў, найперш, пазітыўнымі зрухамі ў плане арганізацыі. У параўнанні з мінулым годам ён стаў значна больш сярэднявечным: стала менш алкаголю, недарэчнай музыкі і антуражу.

Відавочна, што удзельнікам і арганізатарам не ўсе роўна, што будзе са святам надалей. І тыя і другія імкнуцца ператварыць фэст ў сапраўднае свята: каларытнае і адметнае. Часткова гэта ўжо атрымалася.

 

Што можа палепшыць арганізацыйны бок свята

На прэсавай канферэнцыі арганізатары фестывалі заявілі, што пасля яго заканчэння правядуць ананімнае анкетавання ўдзельнікаў і гасцей свята з мэтай даведацца пра ўсе недахопы. Абяцалі ўсё улічыць ў наступным годзе.

Мы на правах звычайных гасцей фэсту таксама дзелімся сваімі суб’ектыўнымі пажаданнямі:

 – Галоўная нязручнасць на фэсце 2012 – сістэма ўваходных квіткоў. Неабходнасць іх набыцця на кожнае асобнае мерапрыемства, стаянне ў чарзе на спёцы не дадае імпэту, адназначна. На наш, суб’ектыўны, погляд, значна зручней было б увесці, напрыклад, сістэму карнэтаў (кшталту фенек на руку), якая пазбаўляе неабходнасці набываць квіткі кожны раз, калі выходзіш за межы Замкавай гары

– Харчаванне. Шашлык – то зразумела. Нікуды ад яго не падзенешся. Але хацелася б бачыць хоць штосьці з прэтэнзіяй на сярэднявечча. Ну хаця б квас, які карыстаўся асаблівым попытам у гэткае надвор’е. Нядрэнна было б пакаштаваць самаробны варыянт гэтага напоя.

– Жытло. Наяўнасць усяго некалькіх гатэляў ў невялікім Мсціславе – цалкам зразумелая рэч. Праўда гэта зусім не аргумент для гасцей фэсту, якім не знайшлося ў іх месца. Як вынік – замест двух фестывальных дзён – неабходнасць вяртацца на ноч дамоў. Можна параіць арганізатарам прадумаць варыянт пляцоўкі для кемпінгаў, ці наўпрост намётавы лагер для турыстаў.