Якія рыцарскія клубы ёсць у Магілёве

Колькі ў Магілёве рыцарскіх клубаў, чым там займаюцца я як можна трапіць на заняткі, – даведаўся gorad.by.

Заняткі ва ўсіх клубах Магілёва бясплатныя, аднак усе матэрыялы для касцюмаў, зброі ўдзельнікі клубаў набываюць за свае грошы.

Хлопцы ў рыцарскіх клубах вучацца змагацца, як рыцары, самастойна рабіць сярэднявечныя зброю і адзенне.

Дзяўчаты займаюцца рэканструкцыяй вопраткі, танцаў.

Свае ўменні ўдзельнікі клубаў дэманструюць на розных рыцарскіх фэстах. Апошні з такіх фэстаў прайшоў у Мсціслаўлі 28-29 ліпеня.

А зараз пра магілёўскія рыцарскія клубы падрабязней…

Рыцарскі клуб «Бырысфен»

У клубе займаюцца вывучэннем беларускай гісторыі, мовы і абрадаў, ладзяць беларускія народныя і гістарычныя святы. Адраджаюць і рэстаўруюць рыцарскія традыцыі: зносінаў, адзення, зброі, даспехаў сярэднявечнай Беларусі 1380-1410 гадоў. Клуб праводзіць заняткі па вывучэнні вайсковай рыцарскай справы, кавальскага майстэрства, валодання мячом і дзідай.

Сябрамі Магілеўскага рыцарскага клубу могуць быць  хлопцы і дзяўчаты ад 18 год, паведаміла мастак-пастаноўшчык рыцарскага клуба «Бырысфен» Марыя Бязулава. Каб удзельнічаць у бітвах, варта атрымаць дазвол доктара.

Знаходзіцца клуб па адрасе Магілёў, Кедравая, 13.

 

«Усходняя застава»

Гурток вайскова-гістарычнай рэканструкцыі «Усходняя застава» быў арганізаваны пры Палацы культуры вобласці 3 гады таму. Тут займаюцца рэканструкцыяй рыцарскіх традыцый зямель Вялікага княства Літоўскага XIII-XV стагоддзяў. Абмежаванняў на ўзрост для ўдзелу няма, цяпер у клубе займаюцца людзі ад 17 да 40 год.

Для запісу можна патэлефанаваць кіраўніку клуба па тэлефоне (029) 246-802-66 (Уладзімір).

 

«Магілёўская дружына» і «Магілёўскі камандор ордэна Паўночнага Храма»

«Магілёўская дружына» займаецца рэканструкцыямі рыцарскай справы ліцвін, распавёў кіраўнік клуба Андрэй Марачаў.

«Магілёўскі камандор ордэна Паўночнага Храма» займаецца рэканструкцыяй традыцый, адзення, тэхніцы боя тампліераў.

Каб удзельнічаць у бугуртах (рыцарскіх турнірах), чалавеку павінна быць больш за 17 год.

Знаходзяцца гэтыя два клубы па адрасе Магілёў, Шмідта, 62 (у будынку сярэдняй школы №18). Нумар для запісу ў клубы – (029) 128-96-45 (Андрэй).

 

«Магілёўская харугва»

«Магілёўская харугва» мае два накірункі рэканструкцый: Русь: XIII-XIV стагоддзе і шляхецкае апалчэнне, XVІІ стагоддзе.

Для Русі характэрна барацьба на мячах, стральба з лука, а для апалчэння – барацьба на шаблях, агнястрэльная зброя. Перыяды адрозніваюцца комплексам даспехаў, відамі асноўнай зброі, расказаў адзін з заснавалькаў клуба Мікалай Сіўкоў.

Узрост удзельнікаў – ад 16 год. Клуб арганізаваны пры гістарычным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова. Запісацца ў клуб можна па тэлефоне (033) 627 28 84 (Яўген).