У Магілёве 14 верасня пройдзе бясплатны паказ спектакля «Мёртвыя ды жывыя фігуркі»

Спектакль адбудзецца у рамках праекта «Другая сцэна» Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Тэатр будзе чакаць гледачоў 14 верасня ў 18:30.

Аўтары і выканаўцы пастановы «Мёртвыя ды жывыя фігуркі» – Юрый Дзівакоў і Таццяна Душэўская. Музыкальнае  суправаджэнне падрыхтавала Аляксандра Даньшова.

Пастанова «Мёртвыя ды жывыя фігуркі» прысвечана прадзядулі Юрыя Дзівакова Аскару Эпфельбауму і яго недапісанай п’есе-успаміну. Калі цалкам абагульніць ўсе веды аб чалавечых паводзінах, яны пададуцца нам толькі гульнёю, сцвярджвае Юрый Дзівакоў, піша сайт магілёскага гарвыканкама.

Спектакль «Мёртвыя ды жывыя фігуркі» разлічаны на дарослага гледача

У пастаноўцы няма пэўнага сюжэта. Ёсць толькі паўілюстрацыі, карцінкі, якія распавядаюць гісторыю. Гэтым спектакль нагадвае «Алісу ў краіне цудаў» ці міф аб Адаме і Еве. Фантазія, міфалогія, гісторыя свету — гэта роздумы дарослага чалавека аб міры дзіцяці, ці роздумы «дарослага дзіцяці» аб свеце.

Маленькім гледачам складана будзе зразумець сэнс пастановы і некаторыя «спецэфекты» могуць іх напалохаць, таму «Мёртвыя ды жывыя фігуркі» разлічаны на дарослага гледача.

Замовіць месца можна па тэлефоне: +375 29 140-71-07.