«Akute» просяць прыдумаць вокладку для іх новага сінгла

У бліжэйшы час магілёўскі гурт «Akute» прадставіць прыхільнікам максі-сінгл «Ihołki EP».

Ён з’яўляецца працягам «Kroŭ EP», які папярэднічаў паўнафарматнаму альбому «Не існуе», выпушчанаму вясной гэтага года.

– На новым сінгле будзе некалькі версій загалоўнай песні, зробленых беларускімі электроншчыкамі, ужо гатовыя рэміксы ад магілёўскага праекта Pryzma і мінскага бітмэйкера Deech. Думаю, будуць яшчэ мінімум два цікавыя трэкі, –  распавядае бас-гітарыст «Akute» Раман Жыгараў, піша experty.by.

З напаўненнем будучага сінгла ўсё ў парадку. Адзіная праблема, – адсутнасць вокладкі. Адкінуўшы некалькі варыянтаў дызайну, музыкі вырашылі звярнуцца па дапамогу да прыхільнікаў.

Куды дасылаць варыянты

Калі вы ўяўляеце, як можа выглядаць вокладка да міньёна пад назвай «Ihołki EP» – дасылайце свае варыянты гурту на адрас gurtakute@gmail.com да 15 кастрычніка.

Ідэі можна увасабляць у любой форме – малюнак, фота ці нешта іншае – галоўнае, каб art-work увасабляў ідэю загалоўнай песні і перадаваў стылістыку гурта.

Пераможца атрымае запрашальнік на вялікі сольны канцэрт «Akute», які запланаваны на 3 лістапада ў мінскім клубе Re:public.