Колькі грошаў на падручнік па артылерыі сабралі музыкі ў Магілёве

У клубе «Cuba» адбыўся дабрачынны канцэрт. Сабраць грошы на выкуп каштоўнага кніжнага выдання дапамагалі каля 150 магілёўцаў.

Зладзіць канцэрт і сабраць грошы на выкуп кнігі «Вялікага мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча прыдумаў музей гісторыі Магілёва. На прапанову адгукнулася 9 гуртоў. Музыкі вышлі на сцэну «Cuba» 14 кастрычніка на дабрачынных пачатках, то бок без ганарараў.

Сярод удзельнікаў былі магілёўцы «Nevma», «Osimira» і «Confuzzled», Green Pills і Nimata. З Гомеля даехаў малады рок-гурт «Изнутри», які першы адгукнуўся на прапанову. З Мінску прыехалі «Re1ikt», «Oblik-o-Morale» і «Паліна Рэспубліка».

«Паліна Рэспубліка» і ўсе астатнія

У музычным сэнсе канцэрт атрымаўся. Ну, хаця б таму, што на адной сцэне ў Магілёве столькі гуртоў збіраецца вельмі рэдка. Ды і лішні раз паслухаць «Nevma» і «Osimira» заўсёды ёсць шмат ахвочых. А вось маладая мінчанка «Паліна Рэспубліка» сапраўды ўпрыгожыла канцэрт і пакінула пасля сябе пачуццё прыемнага здзіўлення.

Арганізатары канцэрта планавалі сабраць каля 500 еўра

Да ўдзелу запрашалі ўсіх згодных выступіць без ганарараў. Арганізатарам канцэрта давялося пакрыць толькі выдаткі на абсталяванне, паліграфію ды праезд музыкантаў. Каб выкупіць «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча магілёўскім музейшчыкам трэба 15 000 еўра. Пакуль атрымалася сабраць толькі 5 000. З дапамогай дабрачыннага канцэрта кіраўніцтва музея гісторыі Магілёва планавала сабраць яшчэ каля 500 еўра.

Магілёўцы будуць выкупляць поўны варыянт кнігі Семяновіча

Да нядаўняга часу ніводнага экзэмпляру «Вялікага мастацтва артылерыі» не было ў дзяржаўных установах Беларусі. Аднак, месяц таму два выдання кнігі Казіміра Семяновіча атрымала ў падарунак ад БПС-Сбербанка Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Гэта паставіла пытанне мэтазгоднасці набыцця кнігі магілёўцамі.

– Мы задумалі выкупіць кнігу Семяновіча за два месяца да Нацыянальнай бібліятэкі, – кажа дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. – Да таго ж, Нацыянальная бібліятэка мае няпоўныя экзэмпляры кнігі. Мы ж маем шанец набыць поўны асобнік. Таму ён столькі і каштуе. Зразумела, што усёй патрэбнай сумы мы не збяром. Плануем, пасля канцэрта падагуліць грошы, якія назбіралі за ўвесь час і прапанаваць яе калекцыянеру.Калі згадзіцца – набудзем кнігу. Калі не згадзіцца – хай шукае іншага пакупніка. А сабраныя грошы пойдуць на выкуп іншых каштоўнасцяў. Якіх менавіта – ёсць перспектыўны план, які адкрыты для усіх на сайце нашага музея.  

Фотаздымкі з канцэрту глядзець тут.