Публічную лекцыю пра мастацтва магілёўцам прачытае вядомы паэт і філосаф

Публічную лекцыю пад назвай «Беларуская традыцыя» 27 кастрычніка магілёўцам прачытае паэт і філосаф Ігар Бабкоў. Мерапрыемства пройдзе ў межах адукацыйнага праекта – «Urbi et Orbi», які летась дзейнічаў ў сталіцы, а цяпер прыйшоў і ў Магілёў.

Арганізатарам цыклу публічных лекцыяў з’яўляецца «Лятучы універсітэт».

 

Публічныя лекцыі – пляцоўка для дыялогу

«Urbi et Orbi», – форма публічнага выказвання, якая прэтэндуе на тое, каб станавіцца арыенцірам і ў грамадскім, і ў індывідуальным жыцці грамадзян. Стваральнікі курса публічных лекцый разлічвалі на тое, што яны стануць месцам інтэлектуальнага пошуку, дыялогу і развіцця.  

За мінулы год у Мінску адбылося паўтара дзясятка лекцый. Сярод лектараў былі культуролаг Сяргей Харэўскі, багаслоў Ірына Дубянецкая, гісторык Захар Шыбека, культуролаг Юлія Чарняўская, рэжысёр Андрэй Кудзіненка, дызайнер Міхал Анемпадыстаў ды многіх іншых.

 

Магілёўцам лекцыю прачытае вядомы філосаф і паэт

У сезоне 2012-2013 паралельна з лекцыямі ў Мінску  курс публічных лекцый распачынаецца ў Магілёве. Сезон адкрывае філосаф, паэт і празаік Ігар Бабкоў.

– За апошняе дзесяцігоддзе Беларусь стала важнай і нават моднай інтэлектуальнай праблемай, – кажа ў прадмове да лекцыі Ігар Бабкоў. – Беларускі аўтарытарызм і беларуская ідэнтычнасць, беларуская ідэя і беларускі дыскурс, тутэйшасць і новае беларускае кіно, беларускі постмадэрн і трэш-літаратура: усё гэта заняло сваё мейсца на сцэне публічнай увагі, канчаткова пакінуўшы ў мінулым (і для мінулага) галашэнні і скаргі на адсутнасць чагосьці новага. І цяпер мы гатовыя зрабіць наступны крок: распачаць гаворку пра беларускую традыцыю.

 

Дзе і калі адбудзецца лекцыя

Лекцыя пачнецца 27 кастрычніка ў 16:00.

Будынак «Тэхнапарку» знаходзіцца па адрасе: вуліца Ленінская, 63, зала 807.

Уваход вольны.

 


Даведка:

Ігар Бабкоў, паэт, празаік, філосаф.

Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Гомелі. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – аддзяленне філасофіі, таксама аспірантуру. Працуе ў Інстытуце філасофіі і займаецца сучаснай посткаланіяльнай тэорыяй і гісторыяй філасофіі.

Рэдагаваў часопіс «Фрагменты», які з’яўляецца амаль адзіным перыядычным выданнем, дзе ў сучасным ракурсе разглядаюцца тэарэтычныя і агульнанавуковыя праблемы беларускай культуры. Аўтар двух паэтычных зборнікаў: «Solus Rex» і «Герой вайны за празрыстасць»; рамана «Адам Клакоцкі і ягоныя цені», кнігі «Філасофія Яна Снядэцкага.