У Магілёве адбылася прэзентацыя кнігі з малавядомымі фактамі пра Беларусь

На імпрэзу-прэзентацыю кнігі «Краіна Беларусь. Вялікае княства Літоўскае» прыехалі гісторык Уладзімір Арлоў і мастак Зміцер Герасімовіч.

У Магілёўскім Цэнтры культуры і вольнага часу 13 лістапада адбылася прэзентацыя кнігі «Краіна Беларусь. Вялікае княства Літоўскае», на якой прысутнічалі яе аўтары Уладзімір Арлоў і Зміцер Герасімовіч.

У кнізе больш за дзве тысячы ілюстрацый. Каля двухсот з іх публікуюцца ўпершыню. Кніга выйшла накладам 5 000 асобнікаў. Яе кошт – 350 000 рублёў.

У магілёўскія кнігарні замовілі каля 30 кніг, паведаміў Уладзімір Арлоў. У аўтараў ёсць планы на працяг: зроблены пераклады кнігі на русскую і польскую мовы, таксама плануецца выпусціць яшчэ адну кнігу. Пра што яна будзе – пакуль таямніца.

 

Магілёў на старонках кнігі ўзгадваецца неаднойчы

Гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў (злева) адказваў за тэкставы складнік кнігі. Мастак Зміцер Герасімовіч займаўся ілюстрацыйным бокам

Гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў (злева) адказваў за тэкставы складнік кнігі. Мастак Зміцер Герасімовіч займаўся ілюстрацыйным бокам

Магілёў, зразумела, таксама ўзгадваецца на старонках кнігі: у падзеях Паўночнай вайны, магілёўскага паўстання, у сказах пра друкарні, ратушы, пра вырабы магілёўскіх рамеснікаў.

 

Вялікае княства Літоўскае адрозніваецца ад Энцыклапедыі ВКЛ

У гэтай кнігі ёсць адрозненні ад Энцыклапедыі Вялікага княства Літоўскага. Аўтары не абмяжоўваліся храналагічнымі межамі існавання Вялікага княства: 16 раздзелаў з 70 прысвечаны падзеям, якія адбываліся пасля трэццяга падзелу Рэчы Паспалітай.

У кнізе ёсць гістарычныя анекдоты. Часам невялікі анекдот лепш раскрывае сутнасць падзеі і часу, чым вялікі аповед, як заўважыў Уладзімір Арлоў.

 

Малавядомыя факты і гістарычныя анекдоты

На пачатку XVIII стагоддзя на землях Радзівілаў дзейнічала першая мануфактура па вытворчасці більярдных кіяў.

Напалеон спытаў бабулю з-пад Віцебска: «Чыёй перамогі жадаеш, бабуля?», на што бабуля адказала: «Хацелася б, каб вы гналі рускіх так далёка, каб ні вярнуліся ні яны, ні вы».

Не доўгі час на пачатку ХХ стагоддзя існавала краіна Сярэдняя Літва. Яна знаходзілася на тэрыторыі Віленшчыны і Гродзеншчыны. У краіны былі свае грошы (польская марка), сімволіка і нават паштовыя маркі.

Дзяржаўнай мовай влікага княства была старабеларуская мова і на ёй працавала вялікняская канцэлярыя. Калі ў 1920 годзе Савецкая Расія падпісвала мірную дамову з Незалежнай Літвой, літоўцы выставілі прэтэнзіі на метрыку ВКЛ, якая знаходзіліся ў Маскве. Доўнар-Запольскі прапанаваў такі прынцып: усе дакументы на літоўскай мове перадаць літоўцам. Такога дакумента не знайшлося ніводнага.

Літоўскі афіцэр у кастрычніку 1939 пісаў у сваім дзённіку: «Мы думалі,  што Вільня –  гэта літоўскі горад, казачная прынцэса, якую мы як прынцы прыйдзем і выратуем. Нас сустрэў варожы горад, дзе ніхто не разумеў нашу мову, дзе на нас глядзелі як на акупантаў».