Akute будуць рэкламаваць каву Nescafe па-беларуску

Магілёўскі гурт Akute стаў тварам рэкламнай кампаніі найбуйнейшай у свеце гандлёвай маркі распушчальнай кавы Nescafe. Па словах музыкаў, для іх не існуе ніякіх межаў для прасоўвання сваёй творчасці.

Рэкламная кампанія планавалася рускамоўная, але музыкі з Akute паставілі за ўмову, каб інфармацыя пра іх была змешчана па-беларуску, піша tuzin.fm.

 

У рэкламнай кампаніі Nescafe ўдзельнічаюць і іншыя вядомыя беларусы

У новай рэкламнай акцыі Nescafe вядомыя беларусы распавядаюць пра тое, як яны дасягнулі поспеху ў сваёй сферы. Акрамя Akute у рэкламнай кампаніі прынялі ўдзел стваральнікі першага eco-friendly брэнду вопраткі Паліна Картавіцкая і Ларыса Сцяпанава, а таксама прызёрка Алімпіяды-2012 Аліна Туміловіч.

 

Чым прывабілі Akute рэкламістаў Nescafe

«Поўная шчырасць у тым, што ты робіш і бесперапынная практыка – вось сакрэт поспеху. Яны спяваюць пра тое, што адчуваюць, пра тое, што само прыходзіць аднекуль зверху. У выніку атрымліваецца ўнікальны аўтэнтычны прадукт, якім можна ганарыцца ня толькі таму што ён беларускі па моўных прыкметах, а таму што ён беларускі наскрозь», – так апісваецца творчасць Akute ў рэкламе «Nescafe. Тры ў адным».

 

Музыкі Akute адстаялі сваю беларускамоўнасць

Рэкламісты планавалі правесці сваю акцыю па-расейску, аднак Akute настаялі на тым, каб тэкст пра іх быў напісаны па-беларуску. Па словах удзельніка гурта Рамана Жыгарава,. сваім удзелам музыкі лішні раз хочуць паказаць, што не існуе ніякіх межаў для беларускамоўнага гурта ў карыстанні ўсімі магчымымі сродкамі для прасоўвання сваёй творчасці.