Вяртанне Алеся Марачкіна: у Магілёве адчынілася выстава знакамітага мастака-адраджэнца

У мастацкім музеі імя Паўла Масленікава адчынілася выстава Алеся Марачкіна, мастака магілёўскага паходжання, якому ў 80-я гады выпала стаць адным з лідараў нацыянальнага адраджэння і вярнуць з нябыту герояў беларускай гісторыі.

У Магілёве прадставілі рэтраспектыву твораў вядомага мастака. У экспазіцыі гістарычны партрэт, тэматычная карціна, сучаснае мастацтва. Выставу прэзентаваў сам Алесь Марачкін.

 

Чалавеку патрэбны героі, каб не заблукаць

Вітаўт, Мікола Гусоўскі, Францішак Скарына – вобразы гэтых дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры вядомыя большасці беларусаў праз партрэты, зробленыя Алесем Марачкіным. Мастак звярнуўся да гістарычнай тэмы яшчэ ў 1980-я, калі гэта было не проста забаронена, але і наогул небяспечна.

– Героі маіх партрэтаў і сёння запатрабаваныя, бо людзям, асабліва маладым, патрэбны героі, патрэбны прыклады, – гаворыць Алесь Марачкін. – Нешта мусіць саграваць чалавечаю душу, натхняць, інакш гэтая душа будзе губляцца, яе панясе па ўсіх вятрах. Мне падаецца, вельмі добра, калі перад вачыма ёсць цэлая галерэя партрэтаў, напрыклад, Каліноўскага, Купалы, і самае галоўнае – партрэты ўласных бацькоў. Без гэтага душа чалавека збядняецца.

 

«Мастацтва пайшло ў бок вар’яцтва, таму я пішу вершы»

Сёння мастацтва пайшло ў бок вар’яцтва, галоўная мэта якога – здзівіць чалавека. На гэтым шляху шмат хто губляе, але шмат хто і знаходзіць. Адкрываюцца новыя магчымасці. Я сябе тут не бачу, – распавядае Алесь Марачкін. – Сёння мае героі таксама запатрабаваныя, але яны даступныя, ніхто нічога не забараняе. Таму малюю зусім іншыя рэчы, і гэта працэс, дзе толькі я, палатно і трохмерная прастора. Цяпер мне гэтага дастаткова. А яшчэ я пішу вершы. І мяне гэта грэе. 

 

Выстава будзе працаваць да канца сакавіка

Мастацкі музей імя П. Масленікава месціцца па адрасе: вуліца Міронава, 33.

Тэлефон для даведак: (0222) 22-05-13.

Кошт квітка – 5 000 рублёў.