Ад Бульба-хорара да Гары Потэра: вядомы беларускі кінакрытык прачытае ў Магілёве публічную лекцыю

Вядомы кінакрытык Андрэй Расінскі прачытае магілёўцам публічную лекцыю 23 сакавіка. Тэма сустрэчы: «Загадка сучаснага беларускага стылю».

Сустрэча адбудзецца ў будынку «Тэхнапарка» (вуліца Ленінская, 63), зала 807, пачатак  у 14:30. Уваход вольны.

Серыя публічных лекцый «URBI ET ORBI» у Магілёве арганізавана «Лятучым універсітэтам». У сезоне-2012-2013 пытанне беларускага стылю і традыцыі ў межах праекту ўжо падымалася філосафам Ігарам Бабковым і дызайнерам Міхалам Анемпадыставым.

 

Андрэй Расінскі: вайна сімвалаў і гульня трэша ў беларускім кіно

Ці можна казаць пра наяўнасць у сучаснай Беларусі свайго, пазнавальнага стылю? Наколькі лёгка альбо складана яго вызначыць? Андрэй Расінскі прапануе разглядзець гэту тэму праз аспект беларускага стылю, увасобленага ў эстэтыцы беларускага кіно часоў незалежнасці. Вайна сімвалаў, гульня трэша і самыя незвычайныя прадукты на экспарт.

Што агульнага паміж беларускаю філасофіяй, шынэльнай кінаэротыкай і Нацыянальнай бібліятэкай? Бульба-хорар, 75% музыкі і беларускія Гары Потэры,- пра гэта ўдзельнікі публічных лекцый пачуюць ад вядомага культуролага, кінакрытыка Андрэя Расінскага.


На сустрэчу прыедзе Сяргей Харэўскі, але пазней

Лекцыя культуролага Сяргея Харэўскага «Наша новая ідэнтычнасць», запланаваная на 23 сакавіка, з-за хваробы лектара пераносіцца на 6 красавіка. Дакладная інфармацыя будзе пададзена пазней.