Сяргей Харэўскі запрашае магілёўцаў абмеркаваць нацыянальную ідэнтычнасць

Сустрэча з культуролагам і мастацтвазнаўцам адбудзецца ў Магілёве 6 красавіка.

 

Публічная лекцыя культуролага і мастацтвазнаўца Сяргея Харэўскага адбудзецца ў межах адукацыйнага праекта – «Urbi et Orbi», які са сталіцы прыйшоў у Магілёў. Магілёўцам прапануюць абмеркаваць праблемы нацыянальнай ідэнтычнасці.

– Менавіта ў гарадах сёння засяроджваецца нацыянальная культура. Горадабудаўнічыя змены сталіся важнымі чыннікамі паўставання новай ідэнтычнасці – супярэчлівай, з рудыментамі савецкай ідэалогіі, але і з пафасам духоўнага адраджэння, узнаўлення страчаных каштоўнасцяў. Стваральнікі гэтых каштоўнасцяў сёння – самі беларусы, жыхары гарадоў, у другім і ў трэцім ужо пакаленні, – сцвярджае Сяргей Харэўскі, запрашаючы ўсіх зацікаўленых да дыскусіі.  

 

Публічныя лекцыі – пляцоўка для дыялогу

«Urbi et Orbi» – форма публічнага выказвання, якая прэтэндуе на тое, каб станавіцца арыенцірам і ў грамадскім, і ў індывідуальным жыцці грамадзян. Стваральнікі курса публічных лекцый разлічвалі на тое, што яны стануць месцам інтэлектуальнага пошуку, дыялогу і развіцця. У межах сезону 2012-2013 у Магілёве ўжо прачыталі лекцыі паэт і філосаф Ігар Бабкоў, дызайнер Міхал Анімпадыстаў, кінакрытык Андрэй Расінскі, гісторык Алесь Краўцэвіч і іншыя.

 

Магілёўцам лекцыю прачытае вядомы мастацтвазнаўца

Сяргей Харэўскі нарадзіўся ў Мінску, скончыў інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР і аспірантуру Беларускай Акадэміі Мастацтваў. Цяпер выкладае ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. Журналіст, мастак, культуролаг і гісторык мастацтва. Тэксты Харэўскага перакладзеныя на многія мовы свету. Як аўтар ён  паспяхова супрацоўнічае са СМІ Літвы, Германіі, Польшчы, Расеі, Люксембургу.  

 

Дзе і калі адбудзецца лекцыя

Лекцыя пройдзе 6 красавіка ў 15:00.

Будынак грамадскага цэнтру «Кола» знаходзіцца па адрасе: завулак Чкалава, 16.

Уваход вольны.