Знакаміты кераміст прывёз у Магілёў цікавыя экспанаты і правёў майстар-клас

Валер Калтыгін адчыніў сваю выставу і падзяліўся з усімі ахвочымі сакрэтамі ўласнага майстэрства.

– Навошта я гэта раблю? – мусіць таму, што хочацца паказаць маладым людзям хараство працэсу стварэння, магію, якая ёсць у творчасці, у мастацтве, – кажа Валер Калтыгін без адрыву ад працэсу навучання.

 

Валер Калтыгін: педагог, мастак, наватар

На майстар-клас да знакамітага кераміста прыйшлі педагогі, вучні ды студэнты мастацкіх навучальных устаноў. У творчых колах Валер Калтыгін вядомы не толькі як таленавіты мастак, але і як стваральнік міжнароднага керамічнага пленэру «Арт-Жыжаль», які штогод ладзіцца ў Бабруйскім раёне. На працягу 20 дзён на адкрытым паветры працуюць скульптары з розных краін свету, імкнучыся спалучаць традыцыйныя тэхналогіі керамічнага мастацтва і сучасныя мастацкія формы. Пленэр з’яўляецца ўнікальнай з’явай у мастацкім жыцці краіны.

 

Незвычайная прастора дзіўных прадметаў

Акрамя майстар-класа Валер Калтыгін прывёз у Магілёў выставу «У прасторы прадмета». У экспазіцыю ўвайшлі творы апошніх гадоў, а таксама працы вучняў дзіцячай школы №4 Бабруйска, дзе выкладае Валер Калтыгін.

Большасць экспанатаў выставы – рэчы інтэр’ерныя, па-мастацку цікавыя, здольныя ўпрыгожыць любую прастору.

Па словах Валера Калтыгіна, «рэчы вакол напаўняюць і фармуюць нашу рэчаіснасць не толькі фізічна, але і духоўна. Ствараючы іх, мы ствараем сябе, свой свет. Трэба разумець, што нават побытавыя прадметы не толькі знаходзяцца побач з намі, але удзельнічаюць у нашым жыцці, уплываюць на яго».

 

Выстава працуе да 28 красавіка

Музей імя Паўла Масленікава знаходзіцца па адрасе: вуліца Міронава, 33.
Выходныя дні: панядзелак, аўторак.
Даведкі па тэлефонах: (0222) 22-05-13.