Беларускія музеі рассакрэцілі свае фонды ў Магілёве

Унікальную выставу прадметаў дэкору прывезлі ў Магілёў Дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту і Вілейскі краязнаўчы музей.

На новай магілёўскай выставе можна убачыць малюнкі на шкле і маляваныя дываны, створаныя ў канцы ХІХ – сярэдзіне ХХ ст. невядомымі беларускімі мастакамі.

Выстава “Маляваны рай” утрымлівае некалькі дзесяткаў  прадметаў дэкору народнага традыцыйнага жылля. Большасць з іх былі сабраны ў этнаграфічных экспедыцыях па краіне.  Экспазіцыя складаецца з фондавых калекцый Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і Вілейскага раённага краязнаўчага музея.

 

Рай, які можна проста намаляваць

Усе прадстаўленыя  на выставе творы ў традыцыйным побыце выконвалі розныя функцыі: сакральную (абразы), утылітарна-дэкаратыўную (рамкі для фота) і дэкаратыўную.

– Прадстаўленую калекцыю роспісаў па шкле можна лічыць унікальнай, – кажа дырэктар  Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Святлана Лакотка. – Мода на гэты жанр існавала не доўга, галоўным чынам у 1950-х. Падчас экспедыцый атрымалася сабраць узоры, якія  сёння ўжо амаль нідзе не захаваліся.

Па словах навуковага супрацоўніка Вілейскага музея Надзеі Аўдзей, дываны звычайна малявалі на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным найчасцей у чорны колер:

– Звычайна маляваныя дываны дарылі маладым на вяселле.  Наогул, усе гэтыя рэчы сведчаць аб  імкненні нашых продкаў да прыгажосці, у прыватнасці, праз аздабленне жытла хацелася зрабіць жыццё больш радасным і яскравым.  Невыпадкова, менавіта кветкамі найчасцей распісвалі прадметы побыту,  дываны ці куфры. Менавіта кветкі заўсёды атаясамліваюцца з цеплынёй і солнцам, вясной, радасцю і раем.

 

Дзе можна паглядзець на выставу

Музей этнаграфіі знаходзіцца па адрасе: вуліца Першамайская, 8.

Тэлефон для даведак: (0222) 22-01-92.

Серада, чацвер – выходныя дні.