У Магілёве з’явілася 3D копія крыжа Ефрасінні Полацкай (фота)

У хуткім часе ў Магілёў у выглядзе галаграфічных копій вернуцца яшчэ некаторыя зніклыя каштоўнасці.

Галаграма змясцілася ў адноўленым пакоі-сейфе музея імя Паўла Масленікава, дзе да вайны і захоўвалася рэліквія. Копію святыні асвяціў Епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, адзначыўшы яшчэ і духоўную значнасць з’яўлення ў Магілёве копіі галоўнай хрысціянскай святыні беларусаў.

 

Галаграфія — дакладная копія знакамітага крыжа

Экспазіцыя «Таямніца крыжа» дазваляе ўбачыць трохмерную аб’ёмную выяву і ўявіць, як знакаміты крыж выглядаў у рэальнасці.

Галаграма зроблена са святыні, узноўленай рукамі брэсцкага майстра Мікалая Кузьміча ў 1995 годзе. У пакоі-сейфе ўсталявана сучаснае асвятленне, а галаграфічны малюнак змясціўся за адмысловым шклом. Тэхнічнай падрыхтоўкай экспазіцыі займаліся беларускія адмыслоўцы.

adsense кликер для заработка на Google AdSense от 500 до 1000 долларов в месяц

 

Магілёў — першы горад у Беларусі, дзе з’явілася галаграфічная экспазіцыя

«Экспазіцыя «Таямніца крыжа» паклала пачатак выкарыстання сучасных  тэхналогій, — распавядае дырэктар музея Аляксандр Хахракоў. — Ужо да канца года ў музеі імя Масленікава плануецца адкрыццё галаграфічнай экспазіцыі «Скарбніца». У яе ўвойдуць копіі каштоўнасцяў, якія захоўваліся ў музеі і былі страчаныя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны».

Напрыклад, паводле акту ад 22 снежня 1944 года, з музея знікла, між іншага, калекцыя беларускіх рукапісных кніг і грамат, зброя X-XIV стст., абразы XVII-ХIX стагоддзяў, мітра Георгія Каніскага, плашчаніца, датаваная 1566 годам. Па словах Аляксандра Хахракова, у хуткім часе некаторыя каштоўнасці вернуцца ў Магілёў у выглядзе галаграфічных копій.

 

Крыж Ефрасінні цяпер можа ўбачыць кожны

Экспазіцыя «Таямніца крыжа» адчынена для наведвальнікаў амаль штодня па коште, агульным для усіх экспазіцый музея.
Музей імя Паўла Масленікава. Выходныя: панядзелак, аўторак.
Тэлефон для даведак: (0222) 22-05-13.