Магілёўскі музыка: у Маскве прасілі граць толькі беларускамоўны блюз

Лідар гурта White Night Blues Юры Несцярэнка распавядае gorad.by пра беларускамоўны блюз у Маскве, веру ў лёс і захапленне літаратурай.

Блюзмэн з Бялынічаў Юры Несцярэнка – чалавек вельмі сціплы. Напэўна, менавіта сціпласць перашкаджае яму дасягнуць агульнага прызнання. З іншага боку, яна надае творчасці нейкую асаблівую пяшчоту.

Нагодай для размовы сталася не звыклае амплуа Юры Несцярэнкі: яго проза патрапіла ў вядомы літаратурганы зборнік, які нядаўна прэзентавалі ў Магілёве.

– Я заўсёды быў чытачом, спрабаваў пісаць, але ніколі не думаў гэтым сур’ёзна займацца, – кажа Юра Несцярэнка. – Я проста пісаў пра тое, што ведаю лепш за ўсё – пра музык, натуральна. Але ў нейкі момант напісанае атрымала пэўную якасць і праз гэта пачало публікавацца. Штосьці з’яўлялася ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», у газеце «Літаратура і мастацтва». Гэта ў асноўным проза. Мае паэтычныя тэксты – не вершы, а тэксты песень, якія я вельмі рэдка выкарыстоўваю. Проста ёсць людзі, якія гэта робяць значна лепей. Але галоўнае, што мне дае літаратура – разуменне агульнага культурнага працэсу. А музыка не можа існаваць па-за ім. Працэс уплывае на цябе, ты становішся іншым. Змяняецца светапогляд. І ты ўжо сам імкнешся паўдзельнічаць у фармаванні іншага светапогляду.

 

А што з музыкай, ці пабачым мы выступы White Night Blues?

– Пакуль праект прыпыніў сваё існаванне. У 2010 годзе White Night Blues адзначыў сваё дзесяцігоддзе, тады мы запісалі на “Biаla Blues Festival” новы дыск “Live in Poland”, яго прэзентацыя надала сілаў, гэта была эйфарыя для усіх, было шмат планаў.

Юрый Несцярэнка: Беларускі блюз адметны хаця б мовай, беларуская мова надае асаблівы каларыт

Юрый Несцярэнка: Беларускі блюз адметны хаця б мовай, беларуская мова надае асаблівы каларыт

Але потым многія музыкі пераехалі ў іншыя гарады. Гурт прыпыніў сваё існаванне. З іншага боку ў мяне наадварот з’явілася больш часу і сіл на іншыя праекты. Мне больш цікавы сучасны блюз, цяпер я думаю ў гэтым кірунку.

 

А вас не крыўдзіць меркаванне, што ў Беларусі блюзу няма?

– Блюз даў мне магчымасць адчуць традыцыі сусветнай музыкі, далучыцца да яе. Мне давялося пайграць і ў Польшчы, і ў Германіі, і ўсюды ёсць свая блюзавая спецыфіка. І Беларусь, у гэтым сэнсе, таксама частка сусветнай культуры. Калі казаць пра адметнасць, напэўна, сваёй блюзавай школы ў нас няма. Але ёсць выдатныя музыкі. Напрыклад, Іллью Шэўчыка ці Сашу Цыганка ведаюць далёка за межамі краіны. Да таго ж беларускі блюз адметны хаця б мовай, беларуская мова надае асаблівы каларыт. Аднойчы мяне запрасілі на вядомы блюзавы фестываль ў Маскву. Першапачаткова былі пастаўленыя умовы: граць паменш беларускага. Але падчас выступу мы не стрымаліся і сыгралі некалькі беларускамоўных кампазіцый. І што вы думаеце? Праз пэўны час да нас звярнуліся арганізатары фестывалю, запрасілі на наступны год выступіць з цалкам беларускамоўнай праграмай. Вось так.

 

Не сумуеце цяпер па блюзу?

– Цяпер я ў дэкрэтным адпачынку, няма калі сумаваць – смяецца музыка.- У мяне двое малых дзетак, малодшай год, нават давялося кінуць працу ў музычнай школе. Але разам з сябрамі-настаўнікамі мы падрыхтавалі альбом школьных песень. Я сябе ніколі не ўяўляў дзіцячым аўтарам, спачатку паставіўся, як да жарта. Потым працэс захапіў і вось, да 1 верасня выйшаў дыск з 10 кампазіцыямі. Гэта сучасная школьная музыка, створаная сучаснымі беларускімі аўтарамі. Ужо адбылося некалькі прэзентацый. У хуткім часе прэзентуем і ў Магілёве.

 

Ці маеце Вы нейкія планы на будучыню?

– Збіраюся ехаць у Беласток запісвацца. З былым барабаншчыкам White Night Blues Жэней Зверавым задумалі працягнуць працу. Ён зараз жыве ў Казахстане, але атрымалася запісаць пару старых песень па-новаму. Адным словам, планаў многа. Я веру ў лёс, і лічу, што ён абавязкова прывядзе туды, куды трэба. І калі наступяць нейкія невыносныя ўмовы для таго, каб здзяйсняць свае планы тут – можна зрабіць гэта ў іншым месцы. Галоўнае не жыць забаронамі. Трэба проста рабіць сваю справу шчыра і дасведчана. Канешне, сёння досыць складаная сітуацыя ў краіне. Але я не прыхільнік падзяляць людзей на добрых і дрэнных. Калі на творчасць накладаюцца іншыя моманты – палітычныя ці сацыяльныя – атрымаецца цалкам псеўда-культурны праект. А я проста спадзяюся, што ўсё гэта нарэшце калі-небудзь стане смешным. Але, напэўна, пакуль не надыйшоў час.

Юрый Несцярэнка: Галоўнае не жыць забаронамі. Трэба проста рабіць сваю справу шчыра і дасведчана

Юрый Несцярэнка: Галоўнае не жыць забаронамі. Трэба проста рабіць сваю справу шчыра і дасведчана