Вядомы культуролаг паспрачаецца з магілёўцамі пра стан беларускай культуры

Бясплатную лекцыю для ўсіх ахвотных прачытае культуролаг і кінакрытык Максім Жбанкоў.

Сустрэча адбудзецца 27 красавіка а 16-й гадзіне у будынку «Тэхнапарка» (вуліца Ленінская, 63), зала 807, уваход вольны.

Сустрэча з Максімам Жбанковым адбудзецца ў межах адукацыйнага праекта — «Urbi et Orbi», які са сталіцы прыйшоў у Магілёў. Зацікаўленым прапануюць абмеркаваць праблемы сучаснай беларускай культуры.

 

Пра што пойдзе гаворка

— Што сабой уяўляе актуальны стан беларускай культуры? У якіх формах і фарматах мажліва адбудаваць якасна новую культурную сітуацыю? Чым становіцца беларускасць у постнацыянальным кантэксце? — толькі частка пытанняў, на якія паспрабуе адказаць Максім Жбанкоў, запрашаючы ўсіх зацікаўленых да дыскусіі.

Жыхары «Культурнай сталіцы СНД і Беларусі» запрашаюцца паразважаць пра тры хвалі айчыннай посткамуністычнай культурнасці: рамантычна-нацыяналістычную, змагарска-партызанскую і постідэалагічна-нібыта-еўрапейскую.

 

Публічныя лекцыі — пляцоўка для дыялогу

«Urbi et Orbi» — форма публічнага выказвання, якая прэтэндуе на тое, каб станавіцца арыенцірам і ў грамадскім, і ў індывідуальным жыцці грамадзян. Стваральнікі курса публічных лекцый разлічвалі на тое, што яны стануць месцам інтэлектуальнага пошуку, дыялогу і развіцця. У межах сезону 2012-2013 у Магілёве ўжо прачыталі лекцыі паэт і філосаф Ігар Бабкоў, дызайнер Міхал Анімпадыстаў, кінакрытык Андрэй Расінскі, гісторык Алесь Краўцэвіч і іншыя.

 

Максім Жбанкоў —  вядомы культуролаг і кінакрытык

Максім Жбанкоў нарадзіўся ў Мінску, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (аддзяленне філасофіі), аспірантуру. У 1986 годзе абараніў дысертацыю на тэму «Светапоглядныя перадумовы станаўлення прыродазнаўства». Працаваў у БДУ, Беларускім фондзе Сораса. Аўтар шматлікіх аналітычных артыкулаў пра пытанні сучаснай культуры.

Кола навуковых інтарэсаў: дынаміка культуры, маргінальныя культурніцкія стратэгіі, масавая культура, сучасны стан беларускай культуры, аналіз візуальных тэкстаў.