У Магілёве з’явіўся яшчэ адзін Статут ВКЛ

Музей гісторыі Магілёва выкупіў экзэмпляр Статута ВКЛ 1588 года, які належыў магілёўскаму шляхцічу.

— Гэты экзэмпляр Статута 1588 года быў выдадзены ў 1744 годзе ў Вільні, на польскай мове, — распавядае дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. — Зараз навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Беларусі Зміцер Яцкевіч займаецца вывучэннем кнігі. Ужо атрымалася даведацца, што асобнік належаў шляхцічу з Магілёўшчыны Антонію Сабанскаму.

Новы Статут застанецца ў Магілёве

— У адрозненні ад выкупленага намі раней асобніка Статута ВКЛ, гэтая кніга не з’яўляецца унікальнай, — кажа Аляксей Бацюкоў. — Падобны экзэмпляр захоўваецца, напрыклад, у Мінску. Ён ўяўляе сабой канвалют з трох асобных выданняў. Гэта значыць, што акрамя Статута ВКЛ у кнізе пад адной вокладкай змешчаны «Трыбунал ВКЛ» і «Інструктаж». Але асаблівую каштоўнасць тут маюць так званыя маргіналіі, пазнакі на старонках выдання. Пасля навуковага вывучэння, экзэмпляр зойме месца ў экспазіцыі Музея гісторыі Магілёва.

Статут знайшлі і выкупілі два чалавекі

— Гэты экзэмпляр Статута быў выкуплены ў прыватнай асобы з Кастрамы, — адкрывае таямніцу Аляксей Бацюкоў. — Набыць Статут атрымалася па досыць нізкім кошце, найперш з-за таго, што калекцыянер не разумеў усёй каштоўнасці выдання. Пошукамі рарытэта займаўся стары сябра нашага музея Аляксандр Коган, грошы ахвяраваў спадар Валерый Казакоў з Масквы.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца адбудзецца 13 мая ў 17:00 у Ратушы.