Скульптуры, прысвечаныя каханню, аўтапартрэты і маскі можна ўбачыць у Магілёве

Каля 50-ці работ магілёўскага майстра Андрэя Вараб’ёва прадстаўлены ў музеі імя Масленікава.

Адкрыццё выставы “Шлях”, прымеркаванай 45-годдзю скульптара, адбылося 10 сакавіка.

На уваходзе ў залю звычайныя дзверы замененыя адтулінай па форме чалавечага цела. Адразу з’яўляецца думка: гэта фішка, каб здзівіць наведвальніка ці спроба аўтара выразіць нешта філасоўскае?..

У залі грае павольная жывая музыка, дзяўчына спявае паланэз Агінскага. На выставу прыйшлі самыя розныя людзі: і моладзь, і сталыя, і вядомыя магілёўцы.

— Выстава ўражвае, усе работы скульптара прасякнутыя філасофіяй і прастатой лаканічнасці вобразаў. Атмасфера вельмі ўтульная, як дома. Пры праглядзе экспазіцыі ствараецца ўражанне, што быццам адна работа перацякае ў іншую — гэта індывідуальнасць аўтарскага стылю, — дзеліцца ўражаннымі з gorad.by наведвальнік выставы і выкладчык Навагрудскай школы мастацтваў Юрый Сяргейчык.

На сценах мы бачым разнастайныя маскі: “Маска крыж І”, “Маска крыж П”. Ёсць і нечаканыя аўтапартрэты. Напрыклад, пасярэдзіне адной з залаў ляжыць камень з васкавым аўтапартрэтам. Заўважна, што шмат работ прысвечана каханню.

— Мне цікава рабіць на тэматыку кахання, бо нічога больш не існуе на свеце, а помнікаў гераічным дзядзькам у нас хапае, — распавядае gorad.by Андрэй Вараб’ёў.

 

Помнік закаханым ад Андрэя Вараб’ёва ў Магілёве будзе, калі – невядома

Скульптуры Вараб’ёва можна ўбачыць на вуліцах горада. Напрыклад, памятны знак «Магілёў – культурная сталіца Беларусі і СНД» нядаўна усталявалі перад будынкам гарвыканкама. Помнік агурку ў Шклове — таксама работа магілёўца.
А ў пачатку 2013 года Андрэй Вараб’ёў прапанаваў усталяваць ў нашым горадзе помнік закаханым. Гэта павінен быў быць падарунак жыхарам «Культурнай сталіцы СНД-2013».

Зараз помнік па-ранейшаму ёсць толькі ў музейным варыянце. Майстр запэўневае, што помнік закаханым у Магілёве будзе, але пакуль невядома калі, бо трэба працягнуць дыялог з гарадскімі ўладамі. Таксама ў планах скульптара зрабіць фантан “Рамэо і Джульета” ў Тэатральным скверы. Эскізы гэтых скульптур таксама ёсць на выставе.

 

Даведка

Выстава “Шлях” у музеі Масленікава (вуліца Міронава, 33) будзе працаваць да пачатку красавіка. Кошт квіткоў — 5 100 рублей для дарослых і 3 000 рублей для дзяцей. Час працы: з 10:00 да 18:00, выходныя —панядзелак, аўторак.

  • Скульптар Андрэй Вараб'ёўСкульптар Андрэй Вараб’ёў