Сустрэча з дзеячом беларускай дыяспары Эстоніі і Літвы адбудзецца ў Магілёве

Гісторык Юрась Юркевіч 30 чэрвеня прэзентуе кнігу «Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні».

Аснову кнігі складае даследаванне аўтара – выкладчыка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Юрася Юркеіча «Стварэнне і дзейнасць Асобнага атрада БНР у Балтыі», прысвечанае спробам стварэння беларускіх вайсковых фарміраванняў у Балтыі цягам 1919 году, а таксама праца «Балахоўцы», напісаная сучаснікам падзей, польскім афіцэрам Станіславам Лісам-Блонскім у 1920-я гады. У кнізе змешчаныя некаторыя малавядомыя ўспаміны і дакументальныя сведчанні, датычныя жыцця і дзейнасці ваеннага і палітычнага дзеяча эпохі Грамадзянскай вайны ў Расіі, генерала расійскай Белай арміі і Войска Польскага Станіслава Булак-Балаховіча і яго вайсковых фармаванняў.

Таксама на вечарыне будзе прэзентаваць свае выданні і часопіс «ARCHE» філолаг, рэдактар часопісу «ARCHE Пачатак», лаўрыят прэміі імя Ежы Гедройца 2010 года Валер Булгакаў.

Сустрэча адбудзецца ў грамадскім цэнтры «Кола» (завулак Чкалава, 6) у 18:30.