Як магілёўцы спраўляюць этнавяселлі

У нявесты замест фаты – вянок са стужкамі, роспіс у ЗАГСе праходзіць без бацькоў, а адзенне маладым дапамагае ткаць і шыць уся сям’я.

Gorad.by паразмаўляў з двума парамі, якія вырашылі адысці ад звыклага вяселля з пышнай белай сукенкай у нявесты і дзелавым касцюмам у жаніха. Яны распавялі, як рабілі сабе вопратку па старажытных эскізах і з якімі складанасцямі сутыкнуліся пры арганізацыі вяселля спрадвечна па-беларуску.

 

Вiталь (27 год) і Таццяна (28 год),
дырэктар гандлёвага прадпрыемства і выкладчыца

Віталь і Таццяна пазнаёміліся ў цягніку па дарозе ў Крым. Праз 1,5 гады вырашылі ажаніцца.
Нявеста з 14 год марыла пра традыцыйнае беларускае вяселле. Жаніх падтрымаў задуму, бо не хацеў звычайнага свята. Усе сваякі таксама падтрымалі маладых, толькі бацька нявесты паставіўся да ідэі дачкі з недаверам, бо клапаціўся пра камфорт гасцей і не верыў, што этнавяселле можна ажыццявіць.

— Адмысловая праграма роспісу ў ЗАГСе па-беларуску апынулася жудаснай традыцыйнай працэдурай на страшнай трасянцы. У нас не было бацькоў на роспісе, бо ў даўніну яны не павінны былі прысутнічаць у царке, на гэта ў ЗАГСЕ былi лупатыя вочы, — распавядае Таццяна.

Стылізаваную пад традыцыйны вясельны строй вопратку выраблялі самі. Сукенку Таццяна шыла сабе паўгады: толькі на падоле трэба было вышыць 130 валошкаў (руск. васильков), а яшчэ вышыўка была на рукавах. Кашулю жаніха шыла ягоная сястра. Намітку нявесце завязвалі на Чавускі манер і адмыслова некалькі разоў ездзілі вучыцца да дырэктара музея.

Асноўная складанасць пры арганізацыі была ў тым, каб знайсці пэўныя рэчы, напрыклад, менавіта чырвоныя кубкі і “неразлучніка” — дзве злучаныя між сабою лялькі з адной рукой у кожнага. Яшчэ маладыя замаўлялі адмысловыя рушнікі да хлеба, набожнікі, злучальны рушнік і іншыя.
 

Яўген (27 год) і Аляксандра (25 год),
магістрант-гісторык і студэнтка-мульціплікатар

Магілёвец Яўген і гамяльчанка Аляксандра пазнаёміліся на фолк-свяце традыцыйнай культуры “Зялёныя Святкі”  . Хлопец быў адным з арганізатараў, а дзяўчына прыехала на мерапрыемства аўтаспынам з Гомеля. Не прайшло і года, як закаханыя ажаніліся.

У абодвух была мара зрабіць традыцыйнае беларускае вяселле. Бацькі Яўгена падтрымалі задуму маладых цалкам, а для сваякоў Аляксандры рашэнне было незвычайным, але ж сказалі: “Рабі як знаеш”.

Месца вяселля пара абрала таксама звязанае з продкамі — вёска адкуль родам усе сваякі па мужчынскай лініі жаніха. ЗАГС быў выяздны, распісвалі маладых ў аграсядзібе.

Аляксандра выходзіла замуж не ў сукенцы, а ў кашулі і спадніцы. Кашулю шыла цёця нявесты па яе малюнках. На спадніцу дзяўчына знайшла сапраўдную шэрсцяную тканіну і такая ж тканіна была ў жаніха на нагавіцах. Кашулю жаніха рабіла ягоная бабуля. Чаравікі Аляксандра замаўляла у Бабруйску па эскізах, зробленыз са старых фатаздымкаў. Вянок са стужкамі нявеста рабіла сама. Льняны фартух быў тканы на станку. Перад вячоркамі па традыцыі фартух нявесте дарабіла яе лепшая сяброўка. Намітка была таксама саматканая, ткала бабуля жаніха.

Надта вялікіх складанасцяў з арганізацыяй у маладых не было, бо быў добры грунт — сябры-музыкі, сяброўкі – спявачкі і бабуля Стэпа, якая вельмі дапамагла па строях і сцэнару.

– На самім вяселлі складана было спалучыць традыцыйнае з папсовым, то бок сяброў са сваякамі, якія прагнулі “папапсовей” матыўчык, – распавядае Яўген

Яўген і Аляксандра з сябрамі зрабілі невялікі мультфільм пра беларускае вяселле.



Па тэме чытаюць:

Как оригинально справляют свадьбы могилевчане

Свадебный тренд-2014: могилевчане выбирают «потёртый шик»

Самодельная свадьба: когда твоя любовь за решёткой

Когда лучше всего играть свадьбу

Свадьба в стиле google-way