Навучанне па-беларуску ў Магілёве: магчымасць ёсць, а ці ёсць жаданне?

Толькі тры вучні на сёння ходзяць у беларускамоўны клас. Аб’яўлены набор на наступны навучальны год.

Амаль год зацікаўленыя бацькі дамагаліся адкрыцця ў Магілёве класа з з выкладаннем усіх вучэбных прадметаў на беларускай мове.

Гарадская ўлада пайшла насустрач: першага верасня 2011 года ў  СШ № 1 (вуліца Першамайская, 24) такі класс з’явіўся. На сёння ў ім тры вучні.

У аддзеле адукацыі магілёўскага гарвыканкама запэўнілі, што клас працягне сваю працу і ў  наступным навучальным годзе.  Праўда з пажаданнем: колькасць вучняў  мусіць павялічыцца. Утрымліваць клас усяго з трыма навучэнцамі невыгадна.  А гэта значыць,  што важкая нагода для  ліквідавання такога класа застаецца…

Наша мова непапулярная?

Ва ўпраўленні адукацыі лічаць, што непапулярнасць адзінага ў горадзе беларускага  класа тлумачыцца незапатрабаванасцю мовы наогул.

Напрыклад, з 1996 да 2004 года ў Магілёве  існавала нацыянальная гімназія з вывучэннем усіх прадметаў на беларускай мове. Вучні, якія скончылі гэтую ўстанову, веданне сваёй беларускай мовы нідзе выкарыстаць не маглі. У рэспубліцы няма ніводнага ВНУ з навучаннем цалкам на беларускай мове.

Як паўплывае на дзіця беларускамоўнае навучанне: меркаванні

Бацькі баяцца за адаптацыю ў рускамоўным асяроддзі?

«Беларускамоўная адукацыя сёння – гэта, найперш, маральны выбар бацькоў»

«Беларускамоўная адукацыя сёння – гэта, найперш, маральны выбар бацькоў»

– Бацькі проста баяцца, – лічыць  Алег Дзьячкоў, старшыня  магілёўскай суполкі Таварыства Беларускай Мовы імя Францыска Скарыны. –  Нажаль,  сістэма  адукацыі  ў Беларусі амаль цалкам рускамоўная – таму, натуральна, што маці ці тата, думаюць аб тым, што будзе далей з іх дзіцём: якім чынам ён будзе будаваць адносіны з аднагодкамі, працягваць адукацыю, куды пойдзе працаваць?

І не сакрэт, што ў рускамоўнай краіне,  чалавек, які размаўляе і думае па-беларуску,  аўтаматычна сутыкаецца з шэрагам  праблем. Таму беларускамоўная адукацыя сёння – гэта, найперш, маральны выбар бацькоў. Надзвычай адказны і складаны.

У маці Ялінкі такога страху няма

«Пачатковая школа - самы спрыяльны перыяд для вывучэння моваў»

«Пачатковая школа – самы спрыяльны перыяд для вывучэння моваў»

Надзея Салаўёва, маці Ялінкі, адной з навучэнак беларускага класа ў Магілёве, наадварот, ніякіх складанасцяў не бачыць:

– Для нашай сям’і нават пытання не стаяла, на якой мове павінна вучыцца дачка. Мы – беларусы, гэтая мова нам родная, таму і выбар быў лёгкі.

Што тычыцца магчымых праблем ў будучым – гэта поўнае глупства. Ялінка аднолькава добра ведае абедзьве дзяржаўныя  мовы.

У школе яна, дарэчы,  пачала вывучаць яшчэ і ангельскую.

Наогул, я упэўнена, што, чым больш дзіця ведае –  тым лепш.  А пачатковая школа – самы спрыяльны перыяд для вывучэння моваў. Я проста жадаю свайму дзіцяці лепшага, а  якасная адукацыя – зараз прыярытэт.

Псіхолаг: дзіця, што губка – убірае ў сябе ўсё, што чуе

«Калі ўлічваць, што на вуліцах і у транспарце гучыць пераважна руская мова – з яе веданнем праблем не будзе»

«Калі ўлічваць, што на вуліцах і у транспарце гучыць пераважна руская мова – з яе веданнем праблем не будзе»

На думку педагога-псіхолага СШ № 1 Алены  Каралёвай, страхі бацькоў дарэмныя:

– Дзіця  – гэта губка. Убірае ў сябе ўсё, што чуе. А калі ўлічваць, што на вуліцах і у транспарце гучыць  пераважна  руская  мова – з  яе веданнем праблем   не будзе. Што тычыцца сацыялізацыі ў  школе,  дык тры  вучні –  таксама калектыў.  У дадатак – ёсць  агульная група падоўжанага дня, а таксама заняткі па вузкапрофільных прадметах: такіх як выяўленчае мастацтва і фізкультура. А яны адбываюцца супольна з іншымі класамі, а таму па-руску.

Родная мова не павінна стаць замежнай…

Ці насамрэч яна незапатрабаваная?

– А наконт незапатрабаванасці… Гэта як паглядзець, адзначае Алег Дзьячкоў. – Сёння ў Мінску працуе некалькі школ з беларускай мовай навучання. Адукацыя ў іх лічыцца элітнай.

«Мова – адна з галоўных прыкмет нацыі»

«Мова – адна з галоўных прыкмет нацыі»

Нашу мову актыўна вывучаюць ў Літве, Латвіі, Польшчы. Нядаўна, я сустракаўся з кіраўніком беларускай дыяспары  Іркуцка. У іх беларускую мову вывучаюць каля 800 чалавек. Дзейнічаюць адмысловыя гурткі, спяваюць фальклорныя калектывы, ладзяцца нацыянальныя святы.  А тым часам,  сярод іх толькі адзін чалавек нарадзіўся ў Беларусі. Астатнія – дзеці, унукі, праўнукі этнічных беларусаў, што некалі былі сасланыя ў Сібір.

Нажаль, пакуль што атрымліваецца, што толькі нам – беларусам у Беларусі – родная мова не вельмі патрэбная. Праўда, я ўпэўнены: гэта часова…

Хто адказны за захаванне мовы і чаму яна патрэбная

Стаўленне дзяржавы да беларускай мовы – не галоўнае, лічыць Алег Дзьячкоў:

– Ад простых людзей шмат залежыць. Мы мусім  зразумець: памірае вёска, а разам з ёй – і носьбіты беларускасці. Калі мы, нашы дзеці і ўнукі, сёння не зробім беларускую мову натуральнай часткай свайго жыцця, заўтра рызыкуем, як некалі чэхі, адумаўшыся, вывучаць родную мову па кнігах як замежную. Да таго ж, мова – адна з галоўных прыкмет нацыі.

Навучанне на беларускай мове ў Магілёве працягнецца

Ва ўпраўленні адукацыі гарвыканкама паабяцалі, што клас з беларускай мовай навучання ў Магілёве абавязкова працягне сваю працу і ў 2011-2012 навучальным годзе. Тым больш, для гэтага ёсць усё неабходнае: падручнікі, настаўнікі, памяшканне. Справа за жаданнем бацькоў, і толькі за ім.

Куды звяртацца

Зацікаўленыя ў навучанні сваіх дзяцей у беларускамоўнай класе бацькі могуль звярнуцца па даведку

• у аддзел адукацыі гарвыканкама па тэлефонах: (0222) 22-32-37, 22-74-76

• у аддзел адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна па тэлефоне (0222) 32-70-81

• у сярэднюю школу № 1 па тэлефоне (0222) 31-08-55, 22-29-55

____________________________________________________________________________________________

Матэрыялы па тэме:

Пры якіх умовах беларус загаворыць па-беларуску? – апытанне gorad.by