Мінімальны прахадны бал у ВНУ ўсё ж будзе

…дзеля «павышэння эфектыўнасці адбору абітурыентаў ». Якой менавіта будзе ніжняя планка пакуль не вызначылі.

Нарада педадагічнага актыву Беларусі  прайшла 29 жніўня.  У ёй прымаў удзел міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, піша БЕЛТА.

На нарадзе была агучана прапанова устанаўлення падчас уступнай кампаніі мінімальнага прахаднога бала па профільных прадметах.

– У мэтах павышэння эфектыўнасці адбору абітурыентаў у ВНУ мы ўносім прапанову аб устанаўленні падчас уступнай кампаніі мінімальнага прахаднога бала па профільных прадметах – адзначыў Сяргей Маскевіч.

Ён дадаў, што адсеў студэнтаў  (як і ў большасці ВНУ свету) ідзе па выніках першай сесіі.

А крыху раней…

Раней, на канферэнцыі 17 жніўня міністр адукацыі заявіў: «Задача не ў тым, каб паступіць, а ў тым, каб атрымаць веды. І калі ў нас сфармавалася такое меркаванне, што для таго, каб вучыцца ў ВНУ, трэба мець высокі ўзровень зыходных ведаў, то ў многіх краінах наогул паступаюць без усялякіх іспытаў – ідзі запісвайся і вучыся».

Якім будзе минімум – вырашыцца пазней

Засталося вырашыць, якой будзе гэтая ніжняя планка, якую ўсё ж хочуць увесці.

Нагадаем, што ў Беларусі яна існавала некалькі гадоў.  Сертыфікат ЦТ давалі ўсім, хто набраў, да прыкладу, па рускай мове не менш за 20 балаў. У 2008 годзе шкалу тэрмінова панізілі па некалькіх прадметах, бо 37% абітурыентаў не дацягнулі да лічбы ў 20 балаў.

На уступную кампанію-2009 мінімальны бал быў адменены.

Дарэчы

У Літве прахадны парог ўсталёўваюць ўжо пасля тэставання – адсякаюцца 10% горшых вынікаў.