Абмеркаваць культурнасць Магілёва змогуць ўсе жадаючыя

Грамадскае абмеркаванне па тэме «Культура паляпшае жыццё» пройдзе ў Магілёве 21 лістапада. Нагодай для яго стала атрыманне горадам статуса «Культурнай сталіцы СНД – 2013».

Да ўдзелу ў абмеркаванні культурных праблем горада запрашаюцца ўсе зацікаўленыя: прадстаўнікі ўладаў, дзеячы культуры і мастацтва, грамадскія актывісты і проста неабыякавыя магілёўцы.

 

Ток-шоў – месца для дыскусіі ўсіх неабыякавых

Летась падобнае абмеркаванне ў Магілёве ўжо адбывалася, тады яно ладзілася ў форме імправізаванага ток-шоў. Арганізатары вырашылі фармат захаваць. У гэтым годзе Магілёў адкрывае серыю падобных мерапрыемстваў, якія пройдуць па ўсіх рэгіёнах краіны ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» і Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне Беларусаў Свету «Бацькаўшчына». Яны будуць прысвечаныя пытанням актуальнай нацыянальнай культуры.

Арганізатары звяртаюць увагу, што размова будзе тычыцца той культуры, з якой беларусы сутыкаюцца штодня ва ўласным жыцці, публічнай і медыя- прасторах, якая фармуе чалавека і на якую ён можа паўплываць уласнымі сіламі.

 

«Магілёў – культурная сталіца СНД» – каму гэта патрэбна?

Пра тое, што Магілёў рэальна прэтэндуе на статус культурнай сталіцы СНД стала вядома яшчэ год таму. Першапачаткова гэта выклікала вялізную хвалю грамадскай цікаўнасці, якая нажаль хутка спала. Тым больш, шэраг важных пытанняў застаўся невысветленым. Менавіта іх і збіраюцца абмеркаваць ўдзельнікі ток-шоў:

  • Як адаб’ецца высокі статус на рэальным культурным жыцці горада?
  • Якіх культурных мерапрыемстваў не хапае Магілёву?
  • Хто павінны быць ініцыятарам і вызначальнікам якасці культурнага жыцця горада: гарадскія ўлады ці актыўныя магілёўцы?

 

Калі і дзе адбудзецца абмеркаванне

Свае меркаванні па тэме «Магілёў – культурная сталіца СНД» можна выказаць 21 лістапада (серада), у 18:00 ў Тэхнапарку «Магілёў» (вуліца Ленінская, 63, аўдыторыя 807).