Як нашыя продкі рыхтаваліся да Божага Нараджэння

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
На Беларусі гэты час называлі Піліпаўкай і прыгаворвалі: «Піліпаў пост – да святак мост».

Калядны пост у праваслаўных вернікаў працягваецца шэсць тыдняў перад святам Божага Нараджэння — з 28 лістапада па 6 студзеня ўключна.

Гэты пост у народным асяроддзі назвалі Піліпаўскім у гонар святога апостала Піліпа (Філіпа), які ўшаноўваецца менавіта ў дзень яго пачатку – 28 лістапада. Апостал Піліп – адзін з дванаццаці вучняў Хрыстовых. Здзейсніў шмат цудаў, лячыў хворых, уваскрашаў памерлых.

Перадкалядны пост усталяваны Праваслаўнай Царквой дзеля духоўнага прыгатавання веруючых да годнай сустрэчы свята Божага Нараджэння.

Як сябе паводзіць

З 28 лістапада пачнаецца складаны для чалавека і прыроды перыяд. Не здарма кажуць: «У лiстападзе гола ў садзе». Фактычна, дзень – толькі да палудня, а пасля абеду ўжо і прыцемкі наступаюць. У народзе кажуць, што такое надвор’е літаральна «прыцiскае да зямлi». І гэты час трэба перажыць, ператрывать.

Піліпаўскі пост прадугледжвае не толькі абмежаванні ў стравах. Вельмі важна у гэты час – строгасць у паводзінах, асаблівая сур’ёзнасць, кантроль над сабою – каб не грашыць ні дзеяннем, ні словам. У народзе кажуць: «Нават проста ў жыццi гнеў павiнен быць толькi да парога, а ў пост глядзi за справамi i языком»…

Перад Піліпаўкай наладжвалі апошнія вяселлі, бо Царква ўстрымліваецца на час паста ад правядзення абраду вянчання маладых. Таму ў песнях пяецца: «Была восень, цяпер зіма, былі хлопцы, цяпер няма».

 

Што можна есці і калі

На працягу 40 дзён Піліпаўскага паста вернікі ўстрымліваюцца ад жывёльнай ежы.

У час паста нельга ўжываць мясныя, малочныя прадукты і яйкі. Ва ўсе дні, акрамя серад і пятніц, дазваляецца ўжыванне рыбы.

У Піліпаўку малочным кармілі толькі дзяцей да 10 гадоў, больш нікога: ні людзей, ні скаціну.

Нашыя продкі часта елі рыбу ў нядзелю. А ў буднія дні варылі капусту, парылі бульбу, пілі расол.

 

Мужчынскія і жаночыя заняткі

У піліпаўскія вечары людзі збіраліся ў сваіх хатах. Не дай Божа заначаваць у дарозе, у лесе.

Мужчыны займаліся рамяством. Яны выраблялі патрэбныя прылады працы, плялі лапці і кошыкі, шылі, рамантавілі скураны абутак, зброю.

Жанчыны апрацоўвалі лён, а потым пралі.«Кудзеліца» — першы тыдзень прадзення на Піліпаўскі пост — да гэтага дня неабходна было скончыць падрыхтоўку да ткацтва.

Прадзенне кудзелі было адной з важных прац у гаспадарчай дзейнасці жанчын. Нездарма ж казалі: «Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш».

 

Уся сям’я разам

У хаце на доўгі час збіралася шматлюдная сям’я – усе пакаленні. Гэта мела вялікае значэнне ў духоўным жыцці.

На такіх сямейных зборах перадаваўся жыццёвы вопыт, народная мудрасць.

Дзядулі і бабулі расказвалі сваім унукам розныя казкі, паданні, вучылі разгадваць загадкі, паказвалі прыёмы рамяства – з цікавасцю за працай бавілі час.

Дарослая моладзь гуртавалася ў асобныя групы – «вечарушкі», дзе панавала жыццярадасная атмасфера.

 

Дзяўчаты шукалі жаніхоў

У кожнай вёсцы збіралася некалькі асобных гуртоў дзяўчат, якія вызначаліся сваім сяброўствам, сваяцтвам або суседствам. Кожны вечар гурт прыходзіў у новую хату — да наступнай дзяўчыны. Кожная з дзяўчат несла на попрадкі сваю прасніцу ці верацяно. Хадзіць на вячоркі дзяўчаты-падлеткі пачыналі з 12—14 гадоў.

Абавязковым пачастункам сябровак на гэты час станавіліся посныя прысмакі: сланечнік, семкі з гарбузоў, параны гарох, свежыя і мочаныя яблыкі.

У гурт дзяўчат больш старэйшага ўзросту абавязкова заходзілі хлопцы, якія прыглядаліся да стараннай працы будучых нявест. Хадзіць на попрадкі для дзяўчат перадшлюбнага ўзросту было асабліва важным, бо падчас такіх сустрэч часта ўзнікала закаханасць паміж моладдзю і складваліся сямейныя пары.

 

Прыкметы надвор’я

Таксама дзень 28 лістапада і ўвесь перыяд паста сталі знакавымі для вызначэння надвор’я на бліжэйшую і далёкую перспектыву.

Шэрань на дрэвах у першыя дні паста — да марозу, туман — да адлігі. Пахмурна ці снежна — да непагадзі ў маі.

Калі непагадзь у другую палову паста, то можна разлічваць на ўраджайнае лета.