Што кажуць замежныя студэнты пра беларусаў

З якімі праблемамі сутыкаюцца замежныя студэнты,  чаго ім не хапае ў Магілёве і што іх здзіўляе  ў Беларусі, высвятляў gorad.by.

У Беларуска-Расійскім універсітэце 14-15 лютага 2013 года прайшоў шосты рэспубліканскі фестываль творчасці студэнтаў-замежнікаў «Дружба народов».

У ім прынялі удзел студэнты з Туркменістана, Азербайжана, Кітая, Ірака, Грузіі, Індыі, Шры-Ланкі, Ганы і іншых краін.

 

Усе замежныя студэнты перад паступленнем праходзяць курсы рускай мовы

Самая першая складанасць, з якой сустракаюцца амаль усе замежнікі – веданне рускай мовы. Перш чым паступіць ва ўніверсітэт замежныя абітурыенты праходзяць курсы рускай мовы.

Аднак, падчас размоў з некаторымі студэнтамі прыйшлося размаўляць па-ангельску, бо, размаўляючы па-руску, зразумець адзін аднаго было складана.

 

Замежныя студэнты падзяліліся сваімі назіраннямі

Студэнты з Кітая, Туркменістана, Шры-Ланкі, Ганы і Іраку, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве  БРУ, распавялі gorad.by, чаго ім не хапае ў Беларусі і што здзіўляе ў беларусах.

 

Сюй Муе з Кітая вучыцца ў Магілёве пяты год

– У Беларусі людзі больш адкрытыя ў адносінах між сабою. Напрыклад, адразу кідаецца ў вочы погляд пры размове. У Кітае прынята падчас размовы не глядзець у вочы суразмоўцу, гэта можа быць расцэнена як выклік. У Беларусі глядзець у вочы – норма паводзін і прызнак адкрытасці. Яшчэ тут прынята кожны раз вітацца пры сустрэчы, у нас так не робяць.

У Кітаі некалькі разоў на год збіраюць ураджай, і таму садавіна і гародніна там ёсць круглы год.  У Беларусі садавіны не хапае ўзімку. У Магілёве я ўпершыню паспрабаваў бурак, тварог, сыр.

 

Сулейман Атараў з Туркменістана вучыцца ў Магілёве чатыры гады

– Калі я прыехаў у Беларусь, я быў здзіўлены, што людзі тут размаўляюць па-руску. Я пачаў запытвацца ў беларусаў: чаму вы не размаўляеце на сваёй мове? Мне адказвалі, што яны мовы не ведаюць і размаўляць па-беларуску – гэта «нямодна». Тады я здзівіўся яшчэ больш, такое стаўленне да сваёй мовы для туркменаў – дзіва, мы паважаем сваю мову і размаўляем на ёй. Мне, шчыра кажучы, вельмі падабаецца беларуская мова. Калі размаўляю па-руску магу «на аўтамаце» сказаць «троху», «няхай». У нас прынята паважаць старэйшых і традыцыі, практычна не пачуеш, як туркмен павышае голас на бацькоў. Беларусы сварацца з бацькамі часцей за нас.

 У Магілёве сумую па свойскіх кавунах (руск. арбузах), дынях, нашаму хлебу.

 

Сцівен Дывашына і Эрык Барджу з Шры-Ланкі і Ганы з Віцебскага медыцынскага ўніверсітэту

– У Беларусі нам халодна, але ўжо прызвычаіліся. На адаптацыю патрэбны быў дзесьці месяц, – кажа Сцівен.

Эрык у Беларусі толькі адзін год, а я – чацвёрты. Не хапае сяброў, бацькоў, цеплыні і сонца. Сумуем па нацыянальных стравах, асабліва па фуфу (фуфу – патоўчаны маніёк, ямс, рыс ці кукуруза. Фуфу ядуць з рыбай ці с мясам, і вонкава яно нагадвае таўчаную бульбу).

 

Зіяд Аль Агадзі з Іраку, магістрат Беларускай Дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі

– Я мусульманін і мае погляды на некаторыя рэчы і побыт адрозніваюцца ад беларускіх.

У нас розныя святы, стаўленне да жанчын, да абавязкаў мужчыны – гэта прыносіць складанасці ў жыцці і часам з-за гэтага бываюць канфлікты…

 

 

 

 

У вну Беларусі навучаецца больш за 12 000 замежных грамадзян з 88-мі краін свету

Па прагнозах на 2013 год, у структуры экспарту адукацыйных паслугаў у 2013 годзе будуць таксама дамінаваць краіны СНД, Цэнтральнай Азіі, Паўднёва-Усходняй і Паўднёва-Заходняй Азіі.