Якія пытанні задаюць на прафесійна-псіхалагічным сумоўі?

Аўтар gorad.by прайшоў прафесійна-псіхалагічнае сумоўе па журналістыцы. І нават вынес пытанні для тых, хто плануе паступаць у будучым.

На сумоўе іду падрыхтаванай. Акрамя дакументаў і асадкі з сабой нататнік і падшыўка ўласных артыкулаў з газет.

Яшчэ некалькі тыдняў таму, запісалася на прафесійна-псіхалагічнае сумоўе па журналістыцы на 13 красавіка ў Магілёўскім Дзяржаўным універсітэце імя Куляшова.

Абяцаных спісаў з прозвішчамі і нумарамі аўдыторый ў холе не знаходжу. У далейшых пошуках аб’ядноўваюся з двумя хлопцамі. Як і ў мяне, у іх мэта – атрымаць рэкамендацыю для паступлення ва ўніверсітэт. Даходзім да пятага паверха, дзе адбывалася рэгістрацыя, але там кажуць, што нам на першы, у 123 аўдыторыю. Пакуль бадзяемся туды-сюды гутарым пра абранне прафесіі.

Хачу сябе паспрабаваць у журналістыцы, у мяне ёсць сваё бачанне свету і праблем у ім, — распавядае высокі дужы хлопец, які па выгляду і манерам зусім не нагадвае 11-класніка. — Журналісцкага досведу ў мяне няма, але ёсць досвед вядзення канцэртаў, я сканчваю ў гэтым годзе каледж. А сябар не будзе праходзіць сумоўе, ён са мной для маральнай падтрымкі.

 

Для маральнай падтрымкі на сумоўе многія прышлі з сябрамі, каханымі, бацькамі

— Мая  дачка праходзіць сумоўе. Яна збіраецца паступаць у Мінск, бо ў Магілёве няма патрэбнай спецыялізацыі. Што будзе ў будучым, будзем глядзець па выніках ЦТ. — распавядае Марына, жыхарка Горак. — Я не пярэчу дачцэ, казала, што журналісты зарабляюць мала, але яна зрабіла свой выбар – і гэта журналістыка.

У аўдыторыі ўсіх саджаюць па аднаму. Пераклічка, раздача бланка з шасцю заданнямі. Пасля ўсе разам запаўняем бланк.

Не паспявае пераклічка скончыцца, пачынаюць з’яўляцца тыя, хто спазніўся, дарэчы, сярод іх толькі дзяўчыны… ды і наогул пераважная большасць жадаючых паступаць на журфак – дзяўчыны.

— Я так спяшалася, што на таксі ехала, — кажа дзяўчына, якая прыйшла ў аўдыторыю апошняй, калі ўсе ўжо пісалі тэст.

 

Чакаць вынікаў даводзіцца больш часу, чым адказваць на пытанні

У камісіі тры чалавекі. Адразу папярэджваюць, што адказваць можна на любой дзяржаўнай мове. Праўда, усе заданні па-руску. Некалькі чалавек адказваюць на беларускай мове. Але стаўленне да іх нічым не адрозніваецца ад рускамоўных.

На заданні даюць 45 хвілін, але большасць спраўляецца хутчэй. Здаю бланк — правяраюць пашпарт. А далей — напружаны момант чакання. Чакаць вынікаў даводзіцца больш часу, чым адказваць на пытанні — амаль гадзіну. Жартуем, што  гэта яшчэ адзін тэст — нас правяраюць на цярплівасць!

 

У аўдыторыю паклікалі адну дзяўчынку, усе напружыліся

— Можа выклікаюць толькі тых, у каго незразумелы почырк? – жартам разраджае атмасферу іншая дзяўчына і пачынаецца абмеркаванне адказаў на тэсты.

— Зараз у мяне як запытаюць, што я напісала ў вызначэнні слова папулярны, а я там такое панапісала.

— А я, напэўна, знакі прыпынку няправільна паставіла, сорамна.

— Ты бы бачыла маю зебру!

— А я наогул дарогу і пешаходны пераход намаляваў, а не жывёлу.

— У Мінску на сумоўі было пытанне: хто міністр інфармацыі?

— І хто?

Праляскоўскі, здаецца. Я наогул ведаю толькі Лукашэнку, Мясніковіча і Ярмошыну. Калі пра палітыку нешта запытаюць, я ж нічога не адкажу.

— А  калі мяне запытаюць, і я пачну выказваць сваё меркаванне, дык мне ўвогуле даведку не дадуць.

Чаго баяцца той камісіі? Там жа не вампіры, не кусацца яны, чаго трасціся? У тым годзе не прайшлі толькі два чалавекі: адзін прыйшоў п’яны, а другі быў фізік-матэматык і навошта яму гэтая журналістыка была патрэбна так ніхто і не зразумеў, — распавядае пра мінулы досвед адзін з нешматлікіх хлопцаў.

 

Пакуль абмяркоўваем з аўдыторыі выходзіць дзяўчына, якая першая атрымала рэкамендацыю

— Пыталі чаму я іду ў журналістыку, — кажа яна. — А потым далі заданне: пасля таго, як жанчына з камісіі скончыць фразу, маўчаць. Яна скончыла і пытаецца: усё зразумела? Я маўчу. Так і трэба было маўчаць.

— Трэба было кіўнуць галавой, і адказала б і прамаўчала, — падказвае сяброўка.

 

І тут усіх запрашаюць у аўдыторыю

Слова бярэ дэкан факультэта славянскай філалогіі Сяргей Сомаў:

— Калі мы правяралі тэсты, то апынулася, што ваша матывацыя ў выбары журналістыцы – паказаць сябе. Але журналістыка – гэта сацыяльна арыентаваная спецыяльнасць. Чым глыбей апісваеш тое, з чым працуеш, тым больш ты прафесійны журналіст. У прафесійнай журналістыцы няма месца «самакрасаванню».

Дэкан дае парады ў выбары ўніверсітэта, раіць глядзець на якасць прафесарскага скалада будучага альмаматэр і адзразу задумацца пра размеркаванне і жыллё.

— Напрыклад, БДУ размяркоўвае бюджэтнікаў ў заходнія вобласці Беларусі. А ў шматлікіх універсітэтах інтэрнат даюць не ўсім ды і дарога дадому каштуе не так мала грошаў.

Пасля ўсіх запрашаюць у прыёмную камісію, дзе аддаюць рэкамендацыі. А на маю падшыўку артыкулаў так ніхто і не зірнуў…



Заданні на прафесійна-псіхалагічным сумоўі (Заданн__.docx, 14Kb)