Антон Астаповіч: аднавіць стары Магілёў можна за смешныя для бюджэта грошы

Вядомы спецыяліст у галіне архітэктуры прапанаваў магілёўцам унікальны праект па аднаўленні старога горада.

Старшыня добраахвотнага таварыства аховы помнікаў сустрэўся з магілёўцамі 18 красавіка. На сустрэчы Антон Астаповіч прэзентаваў дыск, у які ўвайшоў дзесятак праектаў-прапаноў па аднаўленню беларускіх помнікаў архітэктуры і гісторыі.

– Мы займаемся навуковымі даследаваннямі і праектаваннем. Ствараем сваё бачанне падыходаў да выканання прац на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Мы зрабілі 14 праектаў. Некаторыя з іх ужо рэалізуюцца ўладамі. Два гатовых праекта тычацца гісторыка-культурнай спадчыны Магілёва.

 

Магілёў якога няма – ўсяго за 65 мільёнаў

Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распрацавала два праекты,  якія тычацца гістарычнай спадчыны Магілёва. Эскізны праект аднаўлення Пакроўскай царквы Антон Астаповіч нядаўна перадаў асабіста Мітрапаліту Сафронію. Другі праект – аднаўленне сучаснымі візуальнымі сродкамі вобраза старога Магілёва.

– На мапе Магілёва зноў з’явіцца ўнікальная магілёўская фартыфікацыя, комплекс Езуіцкага калегіума, Багаяўленская царква, фрагмент Спаскай царквы і званіцы. Таксама Халодная сінагога, Пакроўская царква са званіцай і Бернардынскі кляштар, –  распавядае Антон Астаповіч.


Грошы пытанне другаснае, трэба мяняць свядомасць

–  Па нашых падліках, рэалізацыя праекту абыйдзецца прыкладна ў 65 мільёнаў. Гэта мінімальная нагрузка на бюджэт і максімальны плюс гораду, у тым сэнсе, што мала закранаецца існуючае гарадское асяроддзе, кажа Антон Астаповіч. – Мы падаравалі гэты праект гораду і будзем дамагацца, каб яго разгледзелі на горадабудаўнічым савеце.

Грашовы складнік тут другасны. Стаўленне да гістарычнай спадчыны – самая вялізная праблема сёння. Гэта праблема маральна-этычная, ментальная. Беларусам трэба вучыцца па-іншаму ставіцца да гісторыі, а значыць да сябе саміх, – дадае Антон Астаповіч.