Тытулаваны байцоўскі клуб запусціў свой сайт на беларускай мове

У клубе «Патрыёт» трэніруюцца шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Дзяніс Ганчаронак, чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў і зорка кікбоксінга і К-1 Забіт Самедаў.

Дзякуючы новаму сайту спартоўцы плануюць прыцягнуць у клуб як мага больш таленавітых дзяцей. Таксама у клубе разлічваюць на тое, што прыклад беларускамоўнага сайта натхніць іншыя спартовыя арганізацыі актыўна карыстацца роднай мовай.

– Розныя версіі інтэрнэт-сайтаў мы мелі і раней, але гэта былі хутчэй аматарскія старонкі, якія рабілі нашыя вучні. Зараз на першым месцы стаяла пытанне якасці, – дзеліцца ўражаннямі заснавальнік і галоўны трэнер клуба “Патрыёт” Дзмітрый Пясецкі.


 

Даведка

Байцоўскі клуб “Патрыёт” добра вядомы ў байцоўскім свеце. Два мясцовыя выхаванцы маюць званне “Заслужаны майстар спорту Беларусі”. Тут трэніруюцца шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Дзяніс Ганчаронак, зорка кікбоксінга і К-1 Забіт Самедаў, чэмпіён свету сярод прафесіяналаў па тайскім боксе Віталь Гуркоў, які першым з беларускіх спартсменаў публічна прамовіў па тэлебачанні на роднай мове.