Топ-10 нечаканых перакладаў з беларускай мовы на рускую ад магілёўцаў

Мінакам на вуліцах Магілёва прапанавалі перакласці тры словы з беларускай мовы на рускую. Што з гэтага атрымалася?

У Магілёве прайшла акцыя “Салодкі дзень ведаў”, прымеркаваная да 1 верасня і арганізаваная Cukerki.by і Таварыствам беларускай мовы. У падземным пераходзе на плошчы Леніна, каля ЦУМа ды ў іншых шматлюдных месцах горада валанцёры прапаноўвалі магілёўцам перакласці тры слова з беларускай мовы на рускую і за гэта частавалі ўдзельнікаў гэтай акцыі цукеркамі. Наогул для перакладу было падабрана дзесяць набораў па тры словы – усяго 30 слоў.

 

Лепш за ўсё беларускую мову ведаюць дзеці

Магілёўцы выдатна перакладалі словы са школьнай праграмы: цукар, дзякуй, калі ласка, вавёрка, настаўнік, мова, сшытка, аловак, падручнік.

Як аказалася, лепш за ўсіх з задачай справіліся школьнікі. Некаторыя дарослыя пры няўудачы са шкадобай тлумачылі, што вучылі беларускую мову даўно, ў школе, і ўжо забылі яе. Цікава, што ўсе магілёўцы інтуітыўна адгадвалі сферу ўжывання невядомых словаў:

— Першы дзень паказаў, што звычайныя пабытовыя словы абсалютна незнаёмыя магілёўцам, напрыклад, “сподачак” (руск. блюдце) і “келіх” (руск. бокал) выклікалі ступар, слова “слоік” (руск. стеклянная банка)  часта чыталі як слоўнік, а калі чыталі правільна, то перакладалі як “слоёнка”, “пирог”. Але самыя нечаканыя пераклады былі ў слова “відэлец” (руск. вилка), — распавядае gorad.by адзін з арганізатараў акцыі Сяргей Дымкоў.

 

Топ-10 нечаканых перакладаў с беларускай мовы на рускую

Відэлец (руск. вилка) –  видео, ведущий, свидетель, зеркало
Кола (руск. колесо, круг) – кока-кола
Кавун (руск. арбуз) – топор, кабачок
Вавёрка (руск. белка) – бобёр
Гузік (руск. пуговица) – гвоздь, пряник, узел
Нядзеля (руск. воскресенье)– понедельник, неделя
Сэнс (руск. смысл)  – сеанс
Верасень (руск. сентябрь) – осень
Падлога (руск. пол) – подставка, коврик, лавочка, порог
Ветразь (руск. парус) – ветер

 

На веданне мовы магілёўцаў правяралі і раней

Падобная акцыя “Салодкі дзень роднай мовы” праходзіла ў Міжнародны дзень роднай мовы. У лютым магілёцам прапановалі напісаць любое слова па-беларуску за цукерку. Тады валанцёры раздалі 21 кілаграм цукерак і назбіралі 1101 слова.


 

Таксама чытаюць па тэме:

Беларускае моўнае пытанне: каго яно хвалюе ў Магілёве (+ тэст-апытанне)

Памылкі на шыльдах Магілёва: “камера заховывання” і “распродыж” (фота)

Што казалі беларускія славутыя класікі аб роднай мове

Пры якіх умовах беларус загаворыць па-беларуску?