Юрчанка адмовіўся ад кульбіта толькі аднойчы, і тое з-за траўмы

Магілёўскі юнак, які забіў два галы італьянцам і выцягнуў беларусаў на чэмпіянат Еўропы, не сябруе з мабільнымі тэлефонамі і можа ўсур’ёз разлічваць на футбольную кар’еру ў Расіі.

12 кастрычніка ў Беларусі з’явіўся новы нацыянальны герой. 21-гадовы форвард Уладзімір Юрчанка за дзве хвіліны забіў два галы ў вароты моладзевай зборнай Італіі. Праз доўгія 90 хвілінаў трэці гол абаронцы Алега Верацілы вывеў нашую «маладзёжку» у фінал чэмпіянату Еўропы 2011 года. Але героем сустрэчы, безумоўна, стаў Юрчанка.

Зараз правамі на хлопца валодае «Сатурн» з Раменскага. Але на правах арэнды Юрчанка праводзіць гэты сезон у родным Магілёве, абараняючы колеры «Дняпра».

«Ён магілёўскі. Займаўся футболам у школе «Хімвалакно», у Валерыя Сямёнавіча Чаплыгіна, – распавёў Еўрарадыё старшы трэнер магілёўскай каманды Ўладзімір Брэжэзінскі. – А пасля ён з’ехаў у мінскае «Дынама». А адтуль ужо ў Расію, у «Сатурн».

«За год у Беларусі ён атрымаў галоўнае – гульнявую практыку на высокім узроўні, – мяркуе карэспандэнт газеты «Спорт-Экспрэс» Андрэй Кузічаў. – Дзе ён забіваў галы? У еўракубках рэгулярна, у Лізе Еўропы. За «маладзёжку». А пры той канкурэнцыі, якая была ў нападзенні ў «Сатурне», ён наўрад ці выходзіў бы часта. Пры гэтым моладзевае першынство ён даўно перарос. Так што я думаю, што надалей ён мае добрыя шанцы на месца ў аснове «Сатурна».

Заўзятары адрозніваюць Уладзіміра Юрчанку па фірмовым кульбіце, які ён дэманструе пасля кожнага гола. Акрабатычны прыём футбаліст засвоіў у дзяцінстве.

«Мы ўпершыню пабачылі гэты кульбіт падчас матча з «Нальчыкам», калі Юрчанка забіў свой першы (і пакуль што апошні) гол у прэм’ер-лізе. А ў «дублі» ён яго рабіў рэгулярна. І адмовіўся ад сваёй звычкі толькі аднойчы. Як пасля тлумачыў – калі быў траўмаваны», – прыгадвае Андрэй Кузічаў.

«У свеце няшмат гульцоў з такой хуткасцю, хваліць Юрчанку прэзідэнт Клуба заўзятараў «Сатурна» Яўген Эфрас. – Так што калі ён будзе карыстацца сваімі казырамі – мы будзем рады бачыць яго ў сваёй камандзе, якая апошнім часам, на жаль, забівае не так шмат, як хацелася б».

Звязацца з Уладзімірам Юрчанкам – вялікая праблема. Ні ў «Дняпры», ні ў «Сатурне» яго нумара тэлефона няма. Няўжо ўжо пачалася гульня ў футбольную зорку?

«Рэч не ў гэтым, – распавялі Еўрарадыё ў Раменскім. – Тэлефоны ён губляе ўвесь час. І тут яго таксама было вельмі цяжка злавіць. Яго, калі ён быў патрэбны, знаходзілі ў нас на базе, калі ён прыязджаў на трэніроўкі. З мабільнай сувяззю ў яго не лады… Яшчэ ён жыў у адным доме з нашым аператарам дубля. І вось, калі яны сустракаліся, Юрчанку можна было вылавіць».

Еўрарадыё на ўласным досведзе ўпэўнілася ў тым, што з тэлефонамі Юрчанка не сябруе. У нас атрымалася знайсці нумар, якім футбаліст карыстаўся год таму. Але цяпер па ім адказвае дзяўчынка з прыемным голасам:

Еўрарадыё (азадачана): Ці даўно ў цябе гэты тэлефон?

Дзяўчынка (з гонарам): З пяці гадоў!

Карацей, галоўнае – каб пасля феерычнага матчу з італьянцамі ў хлопца не закружылася галава. А па словах Андрэя Кузічава, перадумовы для гэтага ёсць: «З ім такое здараецца. Паспрабуйце, датэлефануйцеся яму… Можа, ужо і прачнуўся пасля начнога клуба. А што? Чалавек малады. Энергіі шмат, бегае хутка…»

У «Дняпры» Еўрарадыё паведамілі, што 13 кастрычніка у Ўладзіміра Юрчанкі выходны. Сёння ён не прыйдзе трэніравацца з клубам. І хаця футбол у Беларусі паціху сыходзіць на зімовыя канікулы, хацелася б, каб выходныя ў хлопца не зацягнуліся. Час ужо нам атрымаць свайго Андрэя Шаўчэнку, бо сапраўды ёсць такая перспектыва. Але пакуль што – толькі перспектыва.

Даведка Еўрарадыё:

Уладзімір Юрчанка нарадзіўся 26 студзеня 1989 года. Гадаванец магілёўскіх спартовых школ. З 2006 года правёў 17 гульняў за асноўны склад і 9 – за «дубль» мінскага “Дынама”, забіў па 3 галы і там, і там. З 2008 года – у «Сатурне»: за «аснову» адзначыўся 1 голам, за другі склад забіў яшчэ 9 мячоў. Сезон 2010/11 праводзіць у «Дняпры» (Магілёў).

І ў «Дняпры», і ў моладзевай зборнай Беларусі гуляе пад нумарам 10.