“Надзея-Днепр” страціла магчымасць заваяваць срэбраныя медалі

Прычынай гэтага стала хатняе паражэнне ад жаночай каманды футбольнага клуба “Мінск”. Матч адбыўся 9 лістапада.

Праўда, гэта залежала не толькі ад саміх магіляўчанак. Калі б у паралельнай сустрэчы “Зорка-БДУ” не здолела перайграць “Бабруйчанку”, “Надзея-Днепр” у вочным паядынку з “Зоркай-БДУ” праз тыдзень вырашала б, хто больш варты звацца віцэ-чэмпіёнам. Аднак каманда з Бабруйска таксама саступіла.

Што да матча ў Магілёве, то гаспадані ўжо на трэцяй хвіліне вымушаны былі пачынаць гульню з цэнтра поля. Таццяна Шрамок у штрафной пляцоўцы апярэдзіла марудных абаронцаў “Надзеі-Днепр” і адкрыла лік. Да другога мяча, які у сярэдзіне першага тайма забіла ўкраінка Вольга Мелканянц, сталічніцы маглі двойчы караць абарону саперніка за грубыя памылкі, аднак штосьці перашкаджала ім гэта рабіць. Варта дадаць, што і магілёўскія футбалісткі таксама два разы былі на адлегласці у некалькі сантыметраў да гола, аднак “гараджанкі” адбіліся. На перапынак каманды пайшлі з лікам 0:2.

Актывізаваліся мясцовыя футбалісткі ў другой палове сустрэчы. Выдатны галявы момант мела Любоў Гудчанка, якая скарысталася передачай Таццяны Казырэнкі і выскачыла сам-насам с галкіперам Кацярынай Міклашэвіч, аднак у браму не патрапіла. Крыху пазней ужо Анастасія Шчэрбачэня, якая арэндаваная якраз у футбольнага клуба “Мінск”, магла скараціць адставанне, аднак мяч у пустую браму не заляцеў – перашкодзіла штанга.

І ўсё ж “Мінск” прапусціў ад “Надзеі-Днепр”, дарэчы, упершыню за два сезоны. Казырэнка самаахвярна згуляла на апярэджанне варатара і галавой прасунала мяч у сетку, пасле чаго сутыкнулася з Міклашэвіч. Пасля меддапамогі украінка вярнулася ў гульню.

Напружанне ўзрастала. Перспектыва зачапіцца за “срэбра” гнала магіляўчанак наперад. Не вельмі ўпэўненая гульня варатара саперніка магла прывесці і да нічыйнага ліку, але камандзе Аляксандра Ластачкіна не хапала ці то ўдачы, ці то майстэрства, ці то халоднага разліку.

Напрыканцы сустрэчы “Мінск” усё ж забіў трэці мяч (да гэтага Гіфт галавой прабіла ў штангу). Ліяна Мірашнічэнка лёгка прасунулася да межаў варатарскай пляцоўкі і прабіла з блізкай адлегласці. Наталля Мунцяну да мяча дацягнулася, але адбіць яго ў бок не здолела – 1:3.

Такім чынам, у апошнім туры чэмпіяната “бронзавая” “Надзея-Днепр” у гасцях згуляе са “срэбранай” “Зоркай-БДУ”.