Мост праз Дубравенку стане Віленскім

З прапановай прысваення гэтай назвы масту па Лазарэнка да ўлады звярнулася 47 магілёўцаў – ініцыятыва была падтрыманая.

З прапановай надаць масту праз раку Дубравенка па вуліцы Лазарэнка назвы «Віленскі мост» звярнулася да старшыні Магілёўскага гарвыканкама 47 магілёўцаў, паведамляе mahilou.org.

У звароце з прапановай магілёўцаў было зазначана наступнае:

«Рэшткі прыгожай гістарычнай забудовы былой вуліцы Віленскай захаваліся да нашага часу. Новыя траса і мост знішчылі частку гістарычнага цэнтра і змянілі ландшафт мясцовасці. Ацалелыя гістарычныя будынкі сёння знаходзяцца нашмат ніжэй праезнай часткі. Лічым неабходным тапанамічнымі сродкамі – наданнем новаму масту назвы «Віленскі мост» – падтрымаць гістарычны характар месца і пераемнасць горадабудаўнічых традыцый».

У выніку разгляду

Зварот быў разгледжаны ў Магілёўскім гарвыканкаме на паседжанні па тапаніміке і ўвекавечанні гістарычнай і культурнай спадчыны горада Магілёва. Камісія прыняла рашэнне падтрымаць ініцыятыву грамадзянаў аб прысваенні масту праз раку Дубравенку па вуліцы Лазарэнка назвы «Віленскі мост».