Магілёўцы паўдзельнічалі ў беларускім пяціборстве (+ заданні)

У Палацы культуры вобласці 19 лютага прайшла агульнанацыянальная дыктоўка і першае беларускае пяціборства для дарослых.

Арганізавалі мерапрыемства ў МагілёвеТаварыства беларускай мовы і клуб «Натхненне».

Агульнанацыянальная дыктоўка, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы (21 лютага), прайшла ў  Магілёве ўжо пяты раз. На дыктоўку прыйшло больш за 60 магілёўцаў.  Яны пісалі пад дыктоўку верш Максіма Багдановіча «Летапісец» з цыкла «Старая Беларусь». Твор прысвечаны Магілёву і быў напісаны 100 год таму. Чытала дыктоўку, як і ў мінулым годзе, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Ганна Бандарэнка.

Пасля дыктоўкі публіка пачула вершы магілёўскіх паэтаў. Напрыкацы сутрэчы выступіў прадстаўнік украінскай дыяспары ў Магілёве Уладзімер Цішчанка.

Пераможцы ў Магілёве

Пяціборства – гэта інтэлектуальнае спаборніцтва, якое складаецца з 5 заданняў: па матэматыцы, геаграфіі, гісторыі, мове і літаратуры. Пяціборства адрозніваецца ад звычайных алімпіяд тым, што заданні і адказы на іх павінны давацца па-беларуску.

У Магілёве ў пяцібор’і прынялі ўдзел 27 чалавек (28 работ былі непадпісаныя і таму не былі прынятыя).

Пераможцамі дарослага пяціборства сталі Алег Дзьячкоў (3 месца), Яніна Асіпцова (2 месца), Сяргей Дымкоў (1 месца).

 

Gorad.by  пабываў на мерапрыемстве і прапаноўвае чытачам адказаць на пытанні пяціборства:

1.

Тры жанчыны прыгатавалі  аднолькавы сняданак на агні. Для агню Дуня прынесла 3 палена, Маня – 5 паленаў, а Соня, у якой дроў не было, аддала ім 80 капеек. Якім чынам Дуня з Маняй павінны падзяліць тыя грошы па справядлівасці?

 

2. Пералічыце 6 абласных цэнтраў Беларусі ў парадку:

а) з усходу на захад

б) з поўдня на поўнач

в) памяншэння колькасці насельніцтва

 

3. Назавіце год указанай падзеі:

1. Пачатак княжання Усяслава Чарадзея ў Полацку

2. Бітва з крыжакамі пад Грунвальдам

3. Разгром Маскоўскага войска на Крапівеньскім полі пад Воршай

4. Прыняцце трэццяга статута ВКЛ

5. Паўстанне ў Магілёве супраць маскоўскіх акупантаў

6. Першы падзел Рэчы Паспалітай

7. Паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі

8. Пакаранне Кастуся Каліноўскага

9. Пастанова СНК БССР «Аб зменах і спрашчэннях у беларускім правапісу» (сталінская рэформа мовы)

10. Абвяшчэнне беларускай мовы адзінай дзяржаўнай мовай у БССР

 

4. Падбярыце адпаведнае слова нашай мовы з канчаткам «-ня» (чытальня, мытня і г.д.):

Кніжная крама

Атэлье прычосак

Кафэ

Установа друку

Устаноўка памыўкі бялізны

Вучылішча

Більярдны клуб

Завод па вырабе цэглы

Морг

Скураны завод

Папяровая фабрыка

Туалет

Радзільны дом

Установа для мыцця людзей

Калодзеж

Халадзільнік

Памяшканне для здзекаў і катаванняў

Памяшкае для распілоўкі дрэваў

 

5.  Для кожнага з прыведзеных урыўкаў знайдзіце аўтара сярод ніжэйпералічаных:

А

Мова родная мова дзядоў!

Іншай мовы мы сэрца не чуем.

Мілагучнасцю любых нам слоў,

Быццам музыкай сэрца чаруем.

 

Б

Перажыла наша родная мова

І Бенкендорфа, і Мураўёва,

Панскія здзекі, чэкісцкія чысткі,

Рогат імперскі, вырак фашысцкі…

Тых, што з мякінаю ў галаве,

Перажыве!

В

Чаго вам хочацца, панове?

Які вас выклікаў прымус

Забіць трывогу аб той мове,

Якой азваўся беларус?..

Г

Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!

Ты крыўды, няпраўды змагло;

Хоць гналі цябе, накладалі аковы,

Дый дарма: жывеш, як жыло!

Д

І не сціхне песня ў Прынямонні,

І не згіне мова на Дняпры,

Прыйдзе час – і водгулле Пагоні

Да сялібаў данясуць вятры!

Е

Напасцю, лаянкай напраснай

Грудзей не варта мазаліць!

Не пагасіць вам праўды яснай:

Жыў беларус і будзе жыць!

  1. Г. Бураўкін 2. В. Быкаў 3. Л. Геніюш 4. Н. Гілевіч 5. М. Гусоўскі 6. У. Караткевіч 7. Я. Колас 8. Я. Купала 9. А. Сыс 10. Цётка