Культурнасць Магілёва стаміліся абмяркоўваць: аб’яўлены конкурс праектаў

Пачатакам кірмашу культурніцкіх праектаў завяршылася ток-шоў, якое ў Магілёве правяла кампанія «Будзьма беларусамі!». Гэтым мерапрыемствам арганізатары паспрабавалі справакаваць інтэлігенцыю горада на «мазгавы штурм» на тэму культурных праблем Магілёва.

Паразважаць над культурнымі перспектывамі Магілёва 21 лістапада ў канферэнц- залі Тэхнапарку сабралася багата людзей: мастакі, гісторыкі, грамадскія актывісты і журналісты. Нагодай для адмысловага абмеркавання стала магчымае атрыманне горадам статуса «Культурнай сталіцы СНД – 2013».

 

Фармальны статус і рэальныя грошы

Прысутныя дыскутавалі актыўна, але збольшага размова адбывалася вакол аднаго пытання: што можа зрабіць кожны магілёвец, каб сапраўды падвысіць узровень развіцця культуры ў горадзе. А пэўным стымулам для дзеянняў і павінны стаць фармальны статус «Культурнай сталіцы СНД – 2013», а дакладней, рэальныя грошы, якія вылучаюцца ў межах гэтай праграмы.

 

«Нас хочуць ашчаслівіць. А мы хочам, каб людзі ашчаслівілі сябе самі»

Да ўдзелу ў абмеркаванні культурных праблем Магілёва арганізатары ток-шоў запрасілі ўсіх зацікаўленых, у тым ліку і прадстаўнікоў гарадскіх уладаў. Апошнія, праўда, не прыйшлі.

 

Алесь Агееў, гісторык:

– Нажаль, на гэтае абмеркаванне ніхто з прадстаўнікоў уладаў прыйсці не змог. Але асабіста я два разы сустракаўся са старшынёй аддзелу культуры гарвыканкама і рэакцыя на нашыя прапановы аб супрацы была досыць пазітыўнай. Ён згадзіўся, што грамадскасць павінна ўдзельнічаць у распрацоўцы і рэалізацыі плана мерапрыемстваў Магілёва як культурнай сталіцы. Тым больш, што ў самой праграме «Культурнай сталіцы СНД» удзел грамадскіх ініцыятыў абавязковы.

Але ёсць адна праблема – форма супрацоўніцтва не прапісана, ды не ўдакладняецца механізмы санкцый у выпадку, калі улады не захочуць прыслухоўвацца да меркавання грамадскасці. Таму, самае лепшае што могуць зрабіць магілёўцы ў гэтай сітуацыі – распрацаваць сапраўды цікавыя праекты, а пасля быць настойлівымі ў іх прасоўванні.

Кірмаш культурных праектаў стартаваў

Галоўным прадуктыўным вынікам абмеркавання ў Тэхнапарку стала абвяшчэнне пачатку конкурсу культурніцкіх праектаў.

Як адзначыў Юрый Стукалаў, магілёўскі каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!», магілёўцам прапануецца увасобіць свае ідэі ў канкрэтныя праекты. Фармат – слайд- ці відэапрэзентацыя ў межах 5 хвілін. Кожны праект пасля будзе прадэманстраваны публічна і грамадскасць зможа абраць самыя цікавыя прапановы. Праект-пераможца кірмашу будзе прапанаваны для рэалізацыі грамадскім уладам.

 

Куды дасылаць прапановы

Свае прэзентацыі пакуль можна перадаць рэгіянальнаму каардынатару кампаніі «Будзьма беларусамі!» па Магілёўскай вобласці Юрыю Стукалаву (jstukalov@gmail.com, +375 29 319-93-09).

Пазней рэквізіты магчыма зменяцца і інфармацыя аб іх з’явіцца на гарадскіх рэсурсах.