Магілёўцаў запрашаюць на бясплатныя экскурсіі па горадзе

Першая экскурсія пройдзе ўжо сёння 19 красавіка, пачатак у 18:00 на Замкавай гары (парк Горкага).

Арганізатары прысвяцілі першую экскурсію 19 красавіка Міжнароднаму дню аховы помнікаў і памятных мясцін. Тое ж зрабілі экскурсаводы-валанцёры па ўсёй краіне ў межах штогадовага праекту «Фэст экскурсаводаў».

 —Далучыцца да можа кожны, — кажа экскурсавод Алег Дзьячкоў, старшыня ТБМ імя Скарыны. — Усе мы думаем, што добра ведаем родны горад. Насамрэч, гэта не так. Удзельнікаў экскурсій вельмі здзіўляюць шматлікія невядомыя і цікавыя факты, што ўтрымліваюць закуткі Магілёва, — дадае Алег Дзьячкоў.

Экскурсіі будуць адбывацца раз на месяц

Бясплатныя экскурсіі па гістарычным цэнтры Магілёва ладзіліся і ў мінулыя гады. Летась і залетась іх праводзілі вядомыя краязнаўцы і гісторыкі, сярод якіх Ігар Пушкі і Алесь Агееў. У гэтым годзе арганізатары плануюць праводзіць экскурсіі прыкладна раз на месяц.

— Канкрэтных дат пакуль назваць не магу, шмат будзе залежыць, напрыклад, ад надвор’я. Але, ў любым выпадку, гэта будзе цікава, — распавядае Алег Дзячкоў. — Мы запрашаем усіх магілёўцаў даведацца трошкі больш пра свой родны горад. Сачыце за абвесткамі, напрыклад у суполцы Таварыства беларускай мовы ў сацыяльных сетках. А мы заўсёды рады новым людзям, — кажа экскурсавод.