Магілёўцы паўсталі і атрымалі новы герб 350 год таму

У магілёўскай ратушы ўзгадалі адразу некалькі сімвалічных датаў, сярод якіх – атрыманне горадам герба, які мы маем і сёння.

Зараз па парадку. У 1577 годзе Магілёў атрымаў права на самакіраванне – поўнае Магдэбургскае права, якое падараваў яму літоўскі кароль Стэфан Баторый.

У 1654 годзе магілёўцы добраахвотна адчынілі гарадскую браму маскоўцам – войскам, якія пасягнулі на тэрыторыю горада. За здраду дзяржаве кароль Ян Казімір Ваза пазбавіў горад права на самакіраванне.

У 1661 годзе магілёўцы змаглі супольна паўстаць супраць захопнікаў: 1 лютага за адну ноч цалкам вынішчылі маскоўскую залогу. Пасля паўстання права на самакіраванне гораду вярнулі.

Атрымаў Магілёў і свій новы герб, на якім, як адзначаюць гісторыкі, фактычна і фіксуецца гэтае паўстанне: гэты узброены чалавек з мячом – удзельнік паўстання, які стаіць на варце свайго гораду.

 

Што замінае магілёўцам самім наладзіць сваё жыццё сёння?..

Ігар Пушкін, магілёўская ратуша, 25 лютага 2011 года

Ігар Пушкін, магілёўская ратуша, 25 лютага 2011 года

Святочную вечарыну, прысвечаную наданню гораду права на самакіраванне і атрыманню новага герба, зладзіла магілёўская суполка «Таварыства Беларускай Мовы» ў будынку ратушы 25 лютага.

Экскурс у далёкія сімвалічныя на падзеі часы для прыйшоўшых магілёўцаў зрабіў гісторык і краязнаўца Ігар Пушкін, які спыніўся на некалькіх аспектах разглядання гісторыя горада. Валоданне Магілёвам Магдэбурскім правам гісторык разгледзеў як найважнейшы этап, які цягнуў за сабою фарміраванне грамадзянскай супольнасці:

– Людзі мы, ці не? Мы можам ініцыіраваць штосьці, мы можам падтрымліваць ініцыятывы? Ці можам мы як самадастатковыя людзі самі наладзіць сваё жыццё, ці будзем спадзявацца на кагосьці, – задаўся пытаннямі Ігар Пушкін.

– Што замінае на сённяшні дзень у поўным аб’ёме рэалізоўваць свае інтарэсы. Я лічу, як раз пачатак грамадзянскай супольнасці на Беларусі – калі першы горад атрымаў магдэбурскае права – права на самакіраванне, – дадаў гісторык…

 

Што мелі нашыя продкі з Магдэбурскім правам

Магдэбургскае права ў цэлым спрыяла эканамічнаму росту горада. Сярод таго, што мелі магілёўцы, можна адзначыць наступнае:

– большая частка жыхароў вызвалялася ад улады стараст і замкавага прысуду;

– насельніцтва горада атрымала магчымасць выбіраць гарадское самакіраванне: бургамістраў, саветнікаў і прысяжных;

– гараджане былі вызвалены ад пастояў;

– скарачалася падводная павіннасць, былі паменьшаныя падаткі;

– купцы маглі бязпошлінна гандляваць у межах 200 кіламетраў ад горада.