Топ-5 значных археалагічных знаходак на Магілёўшчыне за апошнія гады

У чэрвені 2014 года з ракі Віхра ў Мсціслаўскім раёне археолагі дасталі адзіныя ва Усходняй Еўропе рыцарскія даспехі.

— Раскопкі — гэта адначасова i цiкава, i складана, — распавядае gorad.by студэнт гістарычнага факультэта МДУ імя Куляшова Яўген. — Цiкава, таму што ты сам дакранаешся да гiсторыi, а складана, бо капаць даводзіцца доўга, часта ў спякоту.

Усе пошукі звычайна адбываюцца так: ускапваецца адзiн слой, прыходзiць чалавек з металашукальнікам, усе слухаюць, запiшчыць ён цi не. Калi нешта знаходзіцца — паглядзець прыходзяць усе.

— Сам я мала што знайшоў, некалькi рэшткаў керамічных вырабаў, кафлю маленькую, — дзеліцца ўражаннямі Яўген.


Gorad.by вырашыў узгадаць самыя значныя знаходкі археолагаў Магілёўшчыны за апошнія некалькі год.

“Мсціслаўскі рыцар”, ці Адзіны ва Усходняй Еўропе убор ваяра XV-XVI стагоддзяў

У 2013 годзе на рацэ Віхра (Мсціслаўскі раён) на глыбіні трох метраў археолагі знайшлі сталёвы панцыр з падаспешнікам са скуры буйвала і латунёвымі накладкамі, пальчаткі, падлакотнікі, кальчугу, элементы ільнянога і скуранога адзення, шлем салад. Знаходку даставалі з ракі трое сутак.

Артэфакты занялі сваё месца ў пастаяннай экспазіцыі музея ў Мсціславе.

У чэрвені 2014 года спіс знойдзеных прадметаў папоўніўся металічным гульфікам і шпорай.

— Прэзентацыя адноўленага рыцарскага даспеха, адзінага ва Усходняй Еўропе адбудзецца на рыцарскім фэсце ў Мсціславе 26-27 ліпеня 2014 года, — распавядае gorad.by прафесар, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя Куляшова Ігар Марзалюк.

фота: tut.by

фота: tut.by

 

Невядомы герб магнацкага рода Сапегаў

Летам 2013 года каля Быхаўскага замка на кафлі XVII стагоддзя, якая захавалася ў ідэальным стане, археолагі знайшлі малюнак невядомага герба Сапегаў. Геральдысты змаглі прачытаць па ім інфармацыю аб усіх найбольш вядомых продках магнацкага роду.

Знаходку можна пабачыць у музеі ў Быхаве.

 

Магіла знатнай крывічанкі па пахавальнаму абраду X-XI стагоддзяў

У 2012 годзе ў адным з курганоў часоў хрысціянізацыі пад Магілевам было знойдзена багатае жаночае пахаванне крывічанкі. Пляцоўка, дзе яна была пахаваная, была папярэдне выпалена і прысыпана пяском, а таксама агароджана невялікімі валунамі. У ног жанчыны былі знойдзены рэшткі драўлянага вядра, або, як апісваецца ў былінах, «чары зялёны» з мёдам.

На крывічанке захаваліся срэбнае скроневае кальцо, візантыйскія каралі (руск. бусы) з сіняга шкла, крыжавідная падвеска, рэшткі скуранога плашча.

Дзякуючы гэтай знаходцы археолагі могуць больш дакладна вызначыць межы рассялення крывічоў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, якую ў Сярэднявечча засялялі таксама дрыгавічы і радзімічы.

 

Камяні-крыжы на могілках ваяроў вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы

Восенню 2013 года каля вёскі Студзёнка ў Бялыніцкім раёне леснікі секлі дрэвы і натыкнуліся на старажытнае пахаванне. Мужчыны павалілі адзін з надмагільных камянёў, які быў каля метра ў даўжыню і на ім былі бачныя знакі і кірылічныя надпісы.

На знойдзеных 22-х камянях можна разгледзець чатырохканцовыя каталіцкія крыжы, крыжы Лівонскага рыцарскага ордэна, шасці- і васьміканечныя праваслаўныя крыжы, таксама словы “цела” і “душа”, а яшчэ імя – Дара.
Леснікі звярнуліся да гісторыкаў. Мяркуецца, што знойдзеныя пахаванні належаць воінам князя ВКЛ Свідрыгайлы, якія загінулі падчас грамадзянскай вайны 1432-1439 гадоў.

 

Пошукі значных знаходак працягваюцца: Магілёў можа пасталець на 300 гадоў

На замкавай гары ў парку Горкага археолагі разлічваюць знайсці падмурак царквы і фрагменты іншых старажытных пабудоў Х стагоддзя. У красавіку 2014 года археалагічная група знайшла падмурак цаглянага будынка, як мяркуецца, — казармы замкавага гарнізона 1643 пабудовы.