У Магілёве могуць з’явіцца макеты зруйнаваных будынкаў і “казачны” прыпынак

Магілёўцы прэзентавалі свае ідэі па паляпшэнні прывабнасці горада.

У Магілёве 10 сакавіка адбылася прэзентацыя ідэй у межах чацвёртага “Кірмашу праектаў” ад кампаніі “Будзьма!”.

Усе прадстаўленыя крэатыўныя ідэі былі аб’яднаныя адной тэмай: як палепшыць гарадскую прастору Магілёва, зрабіць горад прывабным для турыстаў і жыхароў і якое месца ў гэтым займае гісторыя і культура.

Цікава адзначыць, што аўтары адразу трох ідэй, не згаворваючыся, прадставілі праекты пра магілёўскуюТрыумфальную арку і страчаны за саветамі архітэктурны помнік — Іосіфаўскі сабор.

У выніку прэзентацыі праектаў Магілёвў атрымаў для ажыццяўлення наступныя 6 праектаў.

Адметныя раёны

Гісторык Аляксандр Агееў натхніўся на добраўпарадкаванне раёна “Саломенка”, у якім сам і жыве. Плануецца: стрыт-арт, драўляная (а можа, і саламяная) скульптура, дзіцячыя пляцоўкі.

— Канцэпцыю варта яшчэ распрацоўваць, — тлумачыць спадар Аляксандр. — Мне было цікава звярнуцца да вас, каб разумець, ці патрэбна гэта людзям.

Зала пагадзілася, што праект можа стаць добрым штуршком для развіцця мясцовага самакіравання (агульную канцэпцыю варта ж неяк узгадніць і абмеркаваць з жыхарамі дамоў), а таксама і крэатыўным прыкладам для іншых раёнаў.

 

“Казачны” прыпынак

Ідэю надаць яскравыя мастацкія адценні ў “палітру” горада прапанаваў Аляксандр Буракоў — змяніць назву прыпынку грамадскага транспарту каля Тэатра лялек (цяпер гэта “Плошча Леніна”) і ўпрыгожыць прыпыначны каркас тэматычным аздабленнем. Па словах прысутных экспертаў па пытаннях гарадской тапаніміцы, вялікай праблемы ва ўзгадненні перайменавання прыпынку не мусіць быць. Больш за тое — перайменаванне спросціць арыентацыю ў горадзе (цяпер побач знаходзіцца адразу некалькі прыпынкаў з такой назвай). Што да праекта аздаблення — публіка прапанавала некалькі вартых увагі ідэй у дадатак: правесці калонкі і “ў жывым эфіры” трансляваць для мінакоў спектаклі, якія ідуць у тэатры; падчас гарадскіх святаў арганізоўваць на прыпынку невялічкія прадстаўленні з удзелам актораў тэатра.

 

“Тэра інкогніта”

Алена Барысава, галоўны рэдактар тэлеканала “Магілёў-2” і прадстаўніца “Цэнтра гарадскіх ініцыятываў”, распавяла пра Магілёў, якога мы не бачым, і прадставіла праект “Тэра інкогніта”.

У яго межах плануецца ўсталяванне памятных знакаў-макетаў зруйнаваных у Магілёве помнікаў дойлідства. Для пачатку гэта будзе 5 пунктаў:

1. Ля таго самага гатэля “Дняпро” (Саборная плошча і Іосіфаўскі сабор);

2. У будучым парку Падміколле (Пакроўская царква, касцёл Св. Антонія, Халодная сінагога);

3. На плошчы Славы (Губернатарская плошча і Замак);

4. Ля музея этнаграфіі (Езуіцкі касцёл Св. Ксаверыя, Богаяўленскі манастыр (Брацкая друкарня Спірыдона Собаля), сінагога на Віленскай);

5. Ля плошчы Арджанікідзэ, на Вале Каніскага (Спаса-Праабражэнская царква і Званіца (Астранамічная вежа), Фарны касцёл, Алейная брама).

 

Трыумфальная арка і Плошча Перамогі


Аляксандр Лазараў, прадстаўнік інфармацыйная супольнасці “Магілёў LIVE”, прапанаваў перанесці мемарыяльныя шыльды з аркі да помніка танку, які стаіць на пляцоўцы па вуліцы Якубоўскага, а саму пляцоўку перайменаваць у Плошчу Перамогі.

Такім чынам Магілёў вяртае сабе сапраўдную Трыумфальную арку і Плошчу Перамогі, якая да сярэдзіны 1980-х гадоў існавала ў горадзе.

 

Помнік у выглядзе кнігі

 

Самая юная з удзельнікаў “Кірмашу праектаў”, студэнтка Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова Алёна Зубакова, прапанавала паставіць помнік Іосіфаўскаму сабору каля Трыумфальнай аркі.

Помнік мяркуецца выканаць у форме кнігі: на адной старонцы — макет сабора, а на другой — кароткія звесткі і цікавыя легенды, звязаныя з ім.

 

Гарадскі пікнік

А каб з гарадскіх святаў не хацелася як мага хутчэй і далей збегчы, прадстаўнік “Цэнтра гарадскіх ініцыятываў”Дзяніс Васількоў прапанаваў праект гарадскога фестывалю — “Гарадскі пікнік”.

Натхняліся яго распрацоўшчыкі мінскім Freaky Summer Party і сусветнымі святам студэнцтва Ювеналіі.

Плануецца правесці Пікнік ужо ў траўні, а падчас яго аб’яднасць абітурыентаў і крэатыўныя візітоўкі мясцовых ВНУ, музыкаў і мастакоў, вечарыны і спартовыя спаборніцтвы па пляжным валейболе. Канцэпцыя яшчэ ў распрацоўцы, але галоўнае ў праекта ўжо ёсць — ініцыятыўная і натхнёная група арганізатараў.

 

Адзнакі ўсім праектам ад аўдыторыі, а таксама іх ПРЭЗЕНТАЦЫІ глядзіце ТУТ.

Нагадаем, дзякуючы “Кірмашу” за апошнія паўтара года ў Магілёве былі рэалізаваныя адметныя задумы:

“Палатно гісторыі ў стылі графіці”

“Зялёныя святкі”

“Паэзія ў метро” і іншыя